Лідскія пісьменнікі – частыя госці ў вучняў школы № 11 г. Ліды. Прадметныя тыдні, юбілеі, урачыстыя падзеі… Нагодай для чарговай сустрэчы на гэты раз стаў Дзень роднай мовы. А хто як не сапраўдны пісьменнік данясе да падлеткаў прыгажосць роднага слова? І назва літаратурнай гасцёўні «Таткава мова, матулін напеў…» сапраўды адпавядала нагодзе сустрэчы.
Словы выбраны не выпадкова, гэта радкі з верша лідскай паэтэсы Ганны Рэлікоўскай, якая і завітала ў госці да вучняў. Юныя аматары паэзіі пачулі неверагодны прыгожыя вершы на роднай мове ў выкананні аўтара і змаглі ацаніць шматграннасць творчасці Ганны Леанардаўны. З заміраннем сэрца, здавалася, некаторыя падлеткі слухалі паэтычныя шэдэўры, якія былі прысвечаныя роднай мове, малой радзіме, любай матулі, роднай дачцэ, каханню. Прыйшліся і да спадобы юнакам і дзяўчатам жартоўныя вершы, амаль юмарэскі, на сучасныя пытанні, якія непасрэдна маюць адносіны да моладзі.
Цікавымі для ўдзельнікаў гасцёўні сталі і біяграфічныя даведкі аб паэтэсе. Ганна Леанардаўна цяпер знаходзіцца на заслужанным адпачынку, але ў мінулым яна працавала настаўніцай гісторыі ў школах №№ 8, 17 і амаль адзінаццаць гадоў яе працоўны шлях быў звязаны з нашай школай, дзе яна з 2006 па 2017 год выконвала абавязкі намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Родам яна з вёскі Кянці Лідскага раёна, якую вучні наведалі віртуальная падчас прагляду паэтычнай відэазамалёўкі. Шмат друкуецца ў перыядычных выданнях, часопісах «Западная Двина», «Метаморфозы», яе вершы размешчаны ў паэтычных зборніках «Ад Лідскіх муроў», «Дарослыя – дзецям», «Мая маленькая радзіма», «Шануйце роднае слова», «Поэзия – души движение» і інш. Тэмы вершаў яна не выбірае, не прыдумвае, яны, як заўважыла паэтэса, складаюцца самі. Друкуе свае вершы з часу, калі з’яўлялася навучэнкай Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча. А паэтычны дэбюд на старонках лідскага раённага выдання «Уперад», цяпер «Лідская газета», адбыўся ў 1983 годзе. Да сёняшняга дня Ганна Леанардаўна захоўвае нумары газет, дзе былі надрукаваныя яе вершы яшчэ пад дзявочым прозвішчам Стэфановіч. Сёння паэтэса з’яўляецца ўдзельнікам некалькі літаратурных аб’яднанняў: «Чертог поэта», «Суквецце» – пры рэдакцыі «Лідская газета», рэспубліканскага грамадскага аб’яднання беларускага літаратурнага саюза «Полоцкая ветвь».
Мілагучная паэтычная мова, цікавасць да творчасці таленавітай паэтэсы і прыемнай субяседніцы, удумлівыя погляды вучняў, усмешкі на жартоўныя вершы – усё гэта стварыла цёплую атмасфера сустрэчы літаратурнай гасцёўні, якая прайшла у школьнай бібліятэцы і, ўпэўнена, надоўга застанецца ў памяці вучняў.
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 11-га класа,
г. Ліда, школа № 11.