У свеце многа розных моў

Из нашей почты Новости

І толькі адна з іх родная. Менавіта яна для чалавека самая прыгожая, любімая і дарагая. І кожны год у Міжнародны дзень роднай мовы людзі прызнаюцца ў любові да матчынага слова.

Не засталіся абыякавымі да гэтага свята і вучні школы № 34 г.Магілёва – цікавыя і займальныя мерапрыемствы прайшлі ў кожным класе.

Вучні 3-го класа «А» разам з класным кіраўніком Наталляй Дзмітрыеўнай Юрасавай аформілі стэнды «Гучы, наша роднае слова!». Таксама правялі конкурс чытальнікаў вершаў аб Радзіме «Роднай мовы пералівы». Удзельнікі конкурсу падрыхтавалі любімыя вершы беларускіх пісьменнікаў. Кожны эмацыянальна выказаў сваё пачуццё любові да роднай Беларусі, да малой радзімы.

А класны кіраўнік Наталля Мікалаеўна Нікіціна для вучняў 3-га класа «Б» правяла турнір-віктарыну «Ручай крыштальны мовы роднай». Вучні  з гонарам расказвалі аб тым, што ім у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мова бацькоў і дзядоў, вялікі нацыянальны скарб. Дзецям былі прапанаваны конкурсы-заданні: «Нечаканыя пераўтварэнні» – паставiць кожную лiтару на сваё месца і атрымаецца назва жывёлы або птушкі; «Назаві адным словам» – даць агульную назву прапанаваным словам; «Далей-далей» – вызначыць гука-літарныя адметнасці беларускай мовы; «Перакладчык» – перакад слоў з рускай на беларускую мову; «Рассыпаныя» прыказкі» – з прапанаваных частак скласці прыказкі; «Эрудыты-мовазнаўцы» – бліц-апытанне і іншыя заданні.

З вучнямі 3-га класа «В» класны кіраўнік Алена Аляксееўна Дудко правяла віктарыну «Моўныя скарбы роднага краю». Удзельнікі адказвалі на пытанні пра родны край, адгадвалі загадкі, чыталі любімыя вершы на роднай мове.

З вучнямі 4-х класаў Марына Міхайлаўна Шышова правяла гульню «Гаворым па-беларуску», падчас якой дзеці не толькі адчулі сябе ў ролі перакладчыкаў, але і пазнаёміліся з культурнай спадчынай нашых продкаў. Удзельнікі расказалі аб рамёствах, якімі займаліся нашы прадзеды, аб прыладах, якімі карысталіся ў ранейшыя часы. Дзеці змаглі ў прамым сэнсе дакрануцца да гісторыі сваёй Бацькаўшчыны.

Цікава, весела, займальна, з жаданнем вывучаць сваю мову, ведаць, паважаць, любіць і берагчы адзін з галоўнейшых скарбаў кожнага народа, так прайшоў гэты дзень у нашай установе.

Марына Міхайлаўна ІКАВА,

настаўнік пачатковых класаў,

г. Магілёў, школа № 34.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *