З мэтай вывучэння гістарычна-культурнай спадчыны сваёй краіны вучні Сыраваткінскай базавай школы пабывалі ў Мінску. На гэты раз была замоўлена экскурсія ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.
Праехаўшы на аўтобусе па ажыўлённым праспекце Незалежнасці, апынуліся каля велічнага будынка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Побач, у ціхім падворку, дзе ўскінулі высока ў неба свае шпілі-верхавіны прыгожыя сосны і елкі, стаіць невялікі ўтульны дом. Тут на працягу апошніх гадоў свайго жыцця жыў і працаваў Якуб Колас – славуты майстар мастацкага слова, вучоны, грамадскі дзеяч. Падчас экскурсіі пазнаёміліся з гісторыяй жыцця і творчасці знакамітага класіка беларускай літаратуры. Убачылі асабістыя рэчы Якуба Коласа і яго сям’і, кнігі, рукапісы, розныя дакументы. Даведаліся, што Я. Колас вельмі любіў календары, прыроду. А ўлетку збіраў грыбы (дамоў прыносіў зараз па пяцьсот баравікоў!) і называў сябе Міністрам грыбной гаспадаркі. Пераходзячы з пакою ў пакой, уважліва слухаючы аповед экскурсавода аб народным песняры, вучні лавілі сябе на думцы, што змаглі не толькі папоўніць свае веды, але і дакрануцца да гісторыі Радзімы.
Людміла Лявонаўна РАМАНОЎСКАЯ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры,
Смаргонскі раён, Сыраваткінская базавая школа.