Разам з Магілёўскім абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і УК «Абласная бібіліятэка імя У. І. Леніна» ў сценах бібліятэкі адбыўся літаратурны марафон «З табой маё слова, Радзіма».
Сярод удзельнікаў свята мовы былі магілёўскія пісьменнікі, прадстаўнікі навуковай інтэлігенцыі, навучэнцы сацыяльна-гуманітарнага каледжа УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова», гімназіі № 3 г. Магілёва, госці і чытачы бібліятэкі.
У прывітальным слове старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Мікалаевіч Казека акцэнтаваў увагу на неабходнасць захавання беларускай мовы – духоўнай каштоўнасці і скарбніцы беларускай культуры. І пажадаў моладзі шанаваць родную мову, часцей карыстацца ёю ў паўсядзённым жыцці.
Прысутныя з задавальненнем паслухалі вершы на беларускай мове ў выкананні членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі: Аляксандра Казекі, Віктара Кунцэвіча, Алены Кісель, Валянціны Габрусевай, Марыны Сліўко, Алены Любчанка (Курэк).
У мерапрыемстве актыўны ўдзел прынялі навучэнцы гімназіі № 3 г. Магілёва: шасцікласніцы Стэфанія Дзегцярова і Елізавета Палазкова, сямікласніца Мілана Марозава, дзевяцікласнікі Ганна Краўчук і Міхаіл Аракелян. У іх выкананні прыгожа і мілагучна прагучалі вершы і проза Я. Купалы, А. Куляшова, М. Багдановіча, Я. Коласа.
Іван Бондзін, дзякуючы таленту і артыстычным здольнасцям, ярка ўпрыгожыў мерапрыемства сваім выступленнем: прагучала кампазіцыя на саксафоне на ўрывак з паэмы «Новая зямля» «Мой родны кут! Як ты мне мілы…».
Праведзенае мерапрыемства ўзбагаціла моладзь, дапамагло глыбей пранікнуцца пачуццём шанавання роднай мовы і спадчыны.
У гімназіі № 3 г. Магілёва таксама традыцыйна адзначылі Дзень роднай мовы наступнымі мерапрыемствамі: у 11-х класах адбыўся дыктант «Наша мова», у пятых – пазнавальная гутарка «Ці ведаеш ты родную мову?», 6-я класы пісалі тэматычнае сачыненне.
Беларуская мова прайшла доўгі шлях і займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў свету. Яна мае багатую гісторыю і літаратуру, якая адлюстроўвае наш дух і характар.
Не пакідайце нашу мову! Шануйце і любіце!
Святлана Вячаславаўна ЦЫХОЎСКАЯ,
рэдактар «Гімназічнага весніка»,
г. Магілёў, гімназія № 3.