Восемдзесят год таму наша краіна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзякуючы нашым адважным салдатам новыя пакаленні не чуюць выбухаў, не бачаць смерці, не ўцякаюць ад абстрэлаў. Мы жывём пад мірным небам, атуленыя спакоем і гармоніяй. Аднак памяць аб героях жыве ў сэрцах беларусаў.
Памятаюць аб подзвігу нашага народа не толькі дарослыя, але і новае пакаленне. Прадзядуля Маргарыты Волкавай з Альхоўкі быў удзельнікам баявых дзеянняў, а прабабуля – вязняй. Дзяўчынка не бачыла сваіх родных жывымі, не памятае іх усмешак, голасу, рысаў твару, аднак з дзяцінства ведае гісторыю аб іх гераічным жыцці. Гэтай гісторыяй яна вырашыла падзяліцца са сваімі аднагодкамі. Дзяўчынка наведала бібліятэку і расказала, што яе прадзядуля Пётр Паўлавіч Стацэнка ваяваў на заходнім фронце, а ў 1944 годзе прымаў удзел у вызваленні Свіры. У адным з баёў быў моцна паранены. Яго баявыя заслугі адзначаны партызанскім медалём і ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Прабабуля Марфа Уладзіміраўна Волкава зведала ўсю жорсткасць канцлагераў. У 1941 годзе яна патрапіла ў лагер «Заксенхаўзен», а крыху пазней – у «Саласпілс». У апошнім знаходзілася да 1945 года.
З вялікім гонарам Маргарыта трымала фотаздымак свайго прадзядулі. Дзякуючы яго ўкладу ў вызваленне мы маем мірнае неба і шчаслівыя ўсмешкі дзяцей.
Вольга Мечыславаўна Заянчкоўская,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.