На Беларусі ў мінулым з надыходам вясны адзначаліся святы: гуканне вясны, Вялікдзень, Юр’я, тройца, русальны дзень. У Дзень вясенняга раўнадзенства ў Свіслацкай школе прайшло свята «Гуканне вясны».
Для бацькоў, вучняў школы, гасцей СВК «Свіслач» была прадстаўлена тэатральная пастаноўка, якая расказала ўсім прысутным, як у даўнія часы сустракалі вясну. «Гуканне вясны» калісьці было на Беларусі адным з любімых народных святаў.
Нашы далёкія продкі звярталіся ў песнях да чароўнай багіні Лады з просьбай благаславіць іх вясну гукаць. «Благаславі, маці, ой, Лада-маці, вясну заклікаці, зіму замыкаці» – такімі словамі пачалі мерапрыемства вучні пачатковых класаў. Вучні 1–4-х класаў спявалі песні-вяснянкі, танцавалі народныя танцы, дэкламавалі словы-заклічкі, называлі народныя прыкметы, загадвалі прысутным загадкі. Героямі тэатралізаванай пастаноўкі сталі Дожджык, Сонца, Зіма, Вясна, Зайчык і іншыя героі. Рыхтаваць касцюмы для свята дапамаглі вучням бацькі.
У канцы свята Вясна пачаставала прысутных і герояў свята выпечанымі птушачкамі і прыгожым караваем. Дадзенае свята дазволіла вучням пазнаёміцца з асаблівасцямі старадаўняга абраду на Гродзеншчыне, з беларускімі народнымі традыцыямі.
Свята «Гуканне вясны» прайшло ярка, весела, узнёсла. «Прыйдзі, прыйдзі, вясна, прыйдзі, прыйдзі, красна, прынясі ржаны каласок, пшанічны снапок, багаты ўраджай у наш родны край!» – такімі словамі сёння вучні школы запрасілі вясну. Спадзяемся, што Вясна будзе ў гэтым годзе прыгожай, цёплай і багатай. Свята падарыла прысутным надзею, без якой жыць проста немагчыма.
Вучні 4-га класа і
Ірына Аляксандраўна ЛАЎЦЭВІЧ,
класны кіраўнік
Гродзенскі раён, Свіслацкая школа.