Нязгасная памяць пакаленняў

Из нашей почты Новости Проект "Голос поколений"

У Пескаўскай школе беражліва захоўваюць памяць аб героях, якія загінулі за вызваленне населенага пункта ў ліпені 1944 года. Фота і асабістыя рэчы байцоў можна ўбачыць на аформленай у холе ўнікальнай экспазіцыі. Вучні маюць магчымасць патрымаць у руках салдацкі трохкутнік, адпраўлены родным з перадавой, салдацкі гармонік, а таксама прачытаць франтавыя данясенні і ўзнагародныя лісты.

У школьным народным гісторыка-краязнаўчым музеі сабрана шмат цікавых матэрыялаў пра гісторыю Беларусі, некаторыя экспанаты ўнікальныя. На пасяджэнні членаў пошукавай групы музея старшакласнікі выявілі, што недастае матэрыялу аб вызваленні вёскі Пескі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Навучэнцы прапанавалі заняцца пошукам, устанавіць імёны герояў,  якія загінулі на нашай зямлі.

Пачалі даследчую работу з вывучэння матэрыялаў раённай кнігі «Памяць», архіўных дакументаў, размешчаных у банку «Мемарыял». Знайшлі адно прозвішча, другое – і пошук актыўна працягваўся.

На падставе архіўных дакументаў і ўспамінаў ветэранаў ўстаноўлена, што ў раёне вёскі Пескі вяліся цяжкія баі. Старшакласнікі адшукалі інфармацыю аб байцах палка, якія вызначыліся ў баях у раёне вёскі. Гэта зампаліт батальёна капітан Міхаіл Сонаў, начальнік штаба капітан Рашкуеў. Роце пад камандаваннем Анатоля Фёдаравіча Малыгіна было загадана перарэзаць дарогу ў раёне вёскі Пескі. Байцы, прайшоўшы некалькі кіламетраў, убачылі, што на дарозе падалася варожая калона. А. Ф. Малыгін раптоўным ударам атакаваў яе. Перакрыўшы дарогу, рота Малыгіна пазбавіла варожы гарнізон надзеі на падмацаванне.

Па-геройску праявіў сябе старшы лейтэнант медслужбы Аляксандр Рыгоравіч Стураў, які загінуў у баі за вёску Пескі. Пасмяротна ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Ва ўзнагародным дакуменце гаворыцца, што А. Р. Стураў, будучы камандзірам санітарнага ўзвода, дасканала валодаў фельчарскай справай. У цяжкіх умовах аказаў дапамогу больш за дзвесце параненым, сарака чалавекам з іншых воінскіх часцей. Там жа сказана, што А. Р. Стураў падчас штурму вёскі Пескі загінуў смерцю храбрых.

Членамі пошукавай групы было ўстаноўлена, што капітан Андрэй Сяргеевіч Аленічаў загінуў 13 ліпеня 1944 года. Пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Вось як апісаны яго подзвіг ва ўзнагародным лісце: «Тав. Аленічаў у баях з нямецкімі захопнікамі 13.07.1944 года за мястэчка Пескі камандаваў стралковым батальёнам. У раёне шашы праціўнік меў моцныя абарончыя збудаванні, якія падтрымліваліся агнём цяжкай артылерыі і самаходных гармат. Тав. Аленічаў, стварыўшы бачнасць франтальнай атакі, адначасова кінуў частку батальёна ў абыходны манеўр і, сам камандуючы групай, з падтрымкай станковых кулямётаў і супрацьтанкавых стрэльбаў ударыў у фланг праціўніка. У гэтым баі праціўнік панёс вялікія страты і адступіў з занятай пазіцыі. Тав. Аленічаў загінуў смерцю храбрых».

У ходзе даследавання навучэнцы даведаліся пра імёны і другіх байцоў, якія вызначыліся ў баявых дзеяннях: камандзір стралковага аддзялення С. Н. Капусцін, сяржант А. Г. Уразгаліеў. Геройскі загінулі і пахаваны ў вёсцы Пескі старэйшы лейтэнант А. Р. Стураў, лейтэнант В. Д. Сапрыкін, капітан А. С. Аленічаў, лейтэнант І. В. Ажогін.

Навучэнцы пошукавай групы працягваюць даследчую працу. Несумненна, што мы знойдзем імёны і іншых герояў. Яны не змогуць расказаць пра сябе, мы раскажам пра іх землякам і ўсёй краіне.  У нашых сілах зрабіць так, каб  герояў памяталі і шанавалі будучыя пакаленні, і тады ніколі не знікне памяць аб палеглых на палях вайны салдатах.

Павел Чарніцкі, Алег Мандзік,

Вікторыя Мармыш,

члены пошукавай групы

і Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,

класны кіраўнік 11-га класа,

Мастоўскі раён, Пескаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *