Героі Вялікай Перамогі

Из нашей почты Новости Проект "Голос поколений"

Вайна не шкадавала ні дарослых, ні дзяцей. Яны мужнелі і станавіліся ў рады барацьбітоў з ненавісным ворагам, які акупіраваў нашу зямлю і сеяў гора і смерць. Побач з дарослымі ў партызанскіх атрадах і падпольных арганізацыях змагаліся і юныя жыхары Мастоўшчыны.  

Подзвіг Аляксандра Матросава паўтарыў Міхаіл Белуш з вёскі Руда Ліпічанская. Калі хлопчык скончыў чацвёрты клас, пачалася вайна. Многіх аднавяскоўцаў адправілі ў Германію. Міша з малодшым братам уцёк. Дзеці схаваліся ў лесе непадалёку ад дома. Яны бачылі, як полымя ахапіла суседскі дом, школу, а затым і родную хату. Добрыя людзі прытулілі хлопчыкаў. У сваім новым прыстанку Міша пазнаёміўся з партызанамі. Ноччу ён правёў партызан да сваёй схованкі і паказаў, дзе знаходзяцца запасы зброі і патронаў. Міхаіла Белуша прынялі ў атрад. Хлопец быў на рэдкасць кемлівы, смелы, уважлівы. Ён быў проста незаменным у разведцы, хутка без удзелу Мішы не абыходзілася ніводная партызанаская аперацыя. Адважны хлопец быў першым памочнікам у падрыўных аперацыях. Разам з таварышамі Міша пусціў пад адхон восем варожых эшалонаў.

На заданне 15 чэрвеня 1944 года Міхаіл Белуш адправіўся, як звычайна, з рашучасцю і спакоем. Загад абвяшчаў: разграміць нямецкі гарнізон у вёсцы Куцік Навагрудскага раёна. Партызаны перайшлі Нёман ноччу і, расправіўшыся з фашыстамі, натыкнуліся на сцяну з калючага дроту. Байцы накінулі на дрот свае плашч-палаткі і ватоўкі і такім чынам змаглі пераадолець перашкоду. Але раптоўны кулямётны агонь ударыў па чырвонаармейцам. Кулямёт не змаўкаў. Аперацыя была блізкая да правалу. Тады Міша, доўга не раздумваючы, кінуўся на амбразуру дзота і сваім целам спыніў бесперапынны агонь. А было юнаму герою 16 гадоў…Толькі дзякуючы гераічнаму ўчынку простага сялянскага хлопца партызаны выканалі пастаўленую задачу. За мужнасць, праяўленую юным героем у гады Вялікай Айчыннай вайны, Міхаіл Белуш пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені. Яго імем названы вуліцы ў гарадах Беларусі, яго імя носяць піянерскія дружыны ў школах.  

Здзейснілі подзвіг і тыя піянеры і камсамольцы, якія ў гады вайны распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі звесткі аб размяшчэнні нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў, даставалі боепрыпасы, захоўвалі сцягі. Камсамолка Зіна Буркас з вёскі Струга з прыходам гітлераўцаў згарнула Чырвоны сцяг і транспаранты, з якімі да вайны хадзіла на першамайскую дэманстрацыю, у скрутак і закапала ў зямлю на ўскраіне вёскі. Не давялося Зіне дастаць свой скарб са сховішча. Яна трагічна загінула, падарваўшыся на міне, пастаўленай фашыстамі. Піянерка Ніна Хомка з вёскі Дубляны ўсю вайну захоўвала ў сябе дома Чырвоны сцяг у бочцы з мукой. А калі скончылася мука, пераклала ў калыску маленькай сястрычкі. Немцы ўсё часцей сталі праводзіць у хатах вобыскі, таму прыйшлося схаваць сцяг у дымавой трубе. Так усе гады акупацыі, рызыкуючы жыццём, піянерка Ніна Хомка захоўвала гэтую святую рэліквію. Піянер Федзя Шостка з вёскі Раўкі зашыў калгасны сцяг пад падшэўку паліто і захоўваў у доме. Калі немцы заходзілі ў хату, Федзя апранаў паліто і ўцякаў пасвіць кароў. Зараз Чырвоны сцяг, выратаваны Нінай Хомка, і калгасны сцяг, выратаваны Федзем Шорстка, знаходзяцца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Чатырнаццацігадовы хлопец з вёскі Навасёлкі Леанард Седзянеўскі падабраў на полі некалькі вінтовак, кулямётных дыскаў і тры дзясяткі гранат. Усё гэта ён схаваў. Калі была ўсталявана сувязь з партызанамі, гэты скарб Леанард пераправіў у атрад, дзе і застаўся. Юны партызан загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Да вайны гэта былі самыя звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі. Вучыліся, дапамагалі старэйшым, гулялі, марылі. Іх імёны ведалі толькі родныя, аднакласнікі, сябры, суседзі. Сёння імёны юных герояў Вялікай Перамогі ведаем мы, нашчадкі. Ведаем і не забудзем!

Вікторыя МАРМЫШ,

вучаніца 11-га класа,

Мастоўскі раён,

Пескаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *