Вучні 3-га класа «Г» школы № 5 г. Смаргоні арганізавалі экскурсію па мясцінах, звязаных з вядомым беларускім паэтам Францішкам Багушэвічам.
На Смаргоншчыне ў вёсцы Кушляны знаходзіцца Літаратурна-мемарыяльны музей-усадзьба Ф. Багушэвіча, месца, дзе жыў і тварыў аўтар паэтычных зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі».
Цікава было вучням прайсціся па пакоях дома, дзе жыў вядомы паэт, убачыць мэблю і рэчы, якімі карыстаўся Францішак Багушэвіч. Захоплівае прыгажосць краявідаў вакол усадзьбы. Прайшоўшы некалькі метраў па алеі, вучні апынуліся каля камня, любімага месца адпачынку паэта. «Памяці Мацея Бурачка» – такія словы выбілі ўдзячныя сяляне на валуне пасля смерці паэта. Імя, якім падпісваў свае творы Ф. Багушэвіч.
Наведалі і месца пахавання паэта ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна. Каля касцёла Святым апосталам Пятру і Паўлу, які быў пабудаваны з падтрымкай Ф. Багушэвіча і яго блізкіх, знайшлі прытулак вядомы паэт, яго бацька і сын. Францішак Багушэвіч праз сваю творчасць заклікаў беларусаў любіць і берагчы родную мову. Яго заклік «!Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» – з’яўляецца запаветам для нас, патомкаў вялікага паэта.
Таццяна Станіславаўна ВІЛЬБІК,
класны кіраўнік 3-га класа «Г»,
г. Смаргонь, школа № 5.