Святая крыніца

Из нашей почты Новости

Беларусь – край шумных бароў, прасторных палёў, гаманлівых рэк, блакітных азёр, звонкіх празрыстых крыніц. Кожны раён можа расказаць пра свае крыніцы, якія ў розныя часы дапамагалі людзям. Аднак не пра кожную крыніцу захаваліся звесткі.

У Быхаўскім раёне працякае рэчка Макранка. Яна незвычайная, бо яшчэ ў далёкія часы яна не замярзала ў лютыя зімовыя маразы. Вада рухалася настолькі хутка, бо было шмат крынічак, таму мароз закаваць рэчку не паспяваў. Па гэтай прычыне рэчка называлася Ямніцай. Уздоўж рэчкі сяліліся людзі. Адным з такіх пасяленняў стала вёска Мокрае.

Назву вёсцы дала рэчка, а можа і наадварот – гэтыя звесткі хавае макранская зямля. Другім паселішчам уздоўж Макранкі стала вёска Трасцівец (Трысцівец – так часта называюць вёску местачкоўцы). Мокрае знаходзіцца па левы бок Макранкі, а Трасцівец – па правы. Людзі вадою з Макранкі карысталіся дзеля гаспадарчых патрэб, а крыніцы сваёй жыватворнай вадою не раз частавалі і мясцовых жыхароў, і падарожных, а дрэвы, якія густа раслі ўздоўж рэчкі, хаваді ад спёкі.

Крыніца святой Варвары

Зусім нядаўна знайшлася інфармацыя пра адну з крыніц. Звесткі пра яе раскрыў выпускнік Макранскай школы Уладзіслаў Паджараў, які зараз вучыцца на гістарычным факультэце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова.

У адным з дакументаў ён прачытаў, што на Макранцы была святая крыніца, а вёска, у якой працякала крыніца менавіта Мокрае. Толькі пра крыніцу ў Трасціўцы ў народзе ходзіць легенда, што яна незвычайная. Гэта падцвярджаюць жыхарка вёскі Трасцівец Таццяна Мікалаеўна Касьян і жыхарка вёскі Мокрае Антаніна Ягораўна Красніцкая, а таксама ўраджэнка вёскі Трасцівец Святлана Мікалаўна Каранеўская.

Дзякуючы настаўніку гісторыі нашай школы Сяргею Пятровічу Кулаеву знайшлася яшчэ інфармацыя, што ў старыя часы на гэту крыніцу быў крыжовы ход з Макранскай царквы. А каля крыніцы стаяла каплічка, у якой праводзілася царкоўная служба. Калі прааналізаваць мясцовасць, дзе працякае крыніца, то каля яе сапраўды ёсць горка. Можна выказаць згадку, што якраз на гэтай горцы і магла быць пабудавана царква, а можа і каплічка. Магчыма, што ў дакуменце, які прачытаў Уладзіслаў Паджараў, абазначана Мокрае, так як Мокрае і Трасцівец знаходзяцца зусім побач, і іх раздзяляе толькі Макранка.

Ад старажылаў Сяргей Пятровіч даведаўся, што называлася крыніца імем святой Варвары. Хрысціянскімі веруючымі святая Варвара лічыцца абаронцай ад нечаканай і насільнай смерці. Продкі беларусаў крыніцы называлі імем святой Варвары, каб не тапіліся дзеці і жывёла. А таксама маліліся гэтай святой, каб жыць у радасці і згодзе.

Такая незвычайная інфармацыя знайшлася пра нашу малую радзіму. А колькі яшчэ загадак хавае Быхаўская зямля?

Алена Уладзіміраўна ЦЫВІЛЬКА,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

Быхаўскі раён,

Макранская школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *