Да гармоніі праз творчасць

Из нашей почты Новости

У філіяле «Рытанская сельская бібліятэка» адкрылася выстава «Свет захапленняў Вольгі Кухарчык», на якой прадстаўлены вырабы майстра: куфары, карціны па нумарах і вышываныя шэдэўры.

Чытачы, заходзячы ў бібліятэку, захоплена спыняюцца каля выставы, любуюцца прыгажосцю, якую стварыла іх зямлячка Вольга Іванаўна. Яе ў вёсцы добра ведаюць і паважаюць. Больш за трыццаць год жанчына аддала педагогіцы. Яна працавала настаўніцай пачатковых класаў. Жанчына адзначае, што працуючы з дзецьмі, нельга абысціся без творчасці. Сваіх маленькіх выхаванцаў настаўніца з асалодай і задавальненнем вучыла рабіць адмысловыя паштоўкі, каляровыя аплікацыі і многія другія рэчы.

У свой час рукадзеллем займалася матуля і старэйшая сястра Вольгі Іванаўны. Менавіта яны сталі прыкладам для жанчыны. Яна захоплена назірала за працай мамы і марыла, што калі-небудзь і з-пад яе іголкі будуць выглядаць такія ж акуратныя крыжыкі, складая цэласную карціну. Крок за крокам рукадзельніца ішла да сваёй мэты: асвойвала новыя тэхнікі, вывучала дадатковую літаратуру, праглядала ролікі ў інтэрнэце. Першапачаткова з-пад яе пруткоў пачалі з’яўляцца цёплыя шкарпэткі і камізэлькі для хатніх, крыху пазней – вытанчаныя сурвэткі і абрусы. Вышыўкай жанчына займаецца больш за 20 гадоў. За гэты час у доме з’явілася безліч вышываных карцін. Многія з іх былі падараваны родным, сваякам і сябрам. Доўгі час яе працы ўпрыгожвалі Дом дзіцячай творчасці ў Астраўцы. Вольга Іванаўна адзначае, што ўсе жыццё жыла згодна з прынцыпам – вочы баяцца, а рукі працуюць. Жыццёвы дэвіз яе ніколі не падводзіў.

Ёсць у жанчыны і мара: вярнуцца да бісерапляцення і ствараць упрыгожанні для жанчын. Завушніцы і бранзалеты, выкананыя ў такой тэхніцы, асабліва прыгожыя і вытанчаныя. Зараз жанчыну захапілі карціны па нумарах.

Аднавяскоўцы і сябры часта захапляюцца працамі майстра. Да пахвалы жанчына адносіцца спакойна. Яна лічыць, што творчы працэс прыносіць карысць душы чалавека.

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *