Гады Вялікай Айчыннай вайны балючым рэхам адгукаюцца ў сэрцы кожнага беларуса і сёння, хоць з таго часу мінула доўгіх восемдзесят гадоў. Зразумела, ніхто не ведае аб тым, пра што думалі салдаты, седзячы ў халодных зямлянках, як ім удавалася весці быт у той страшны час.
Каб наблізіць школьнікаў да ваенных падзей, бібліятэкар філіяла «Мальская сельская бібліятэка» сумесна з педагогам школы № 1 г. Астраўца ў межах патрыятычнага праекта «80 мірных годоў! Беларусь памятае» падрыхтавалі патрыятычнае мерапрыемства «И память жжёт сильней свинца».
Арганізатары вырашылі адысці ад традыцыі сустракацца ў бібліятэцы ці школе і зрабілі мерапрыемства выязнога характару. Апрануўшы форму ваеннага часу, удзельнікі накіраваліся ў лес, каб дакрануцца да жыцця салдата, уявіць сабе быт таго часу. Вучні змаглі пазнаёміцца з сапраўднай зямлянкай, папіць травяной гарбаты на свежым паветры, а таксама пачытаць ўрыўкі з мастацкіх твораў і тэматычныя вершы, апавяданні, франтавыя лісты, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Бібліятэкар зрабіла невялікі экскурс у той час, расказала пра ўмовы быту, псіхалагічны стан удзельнікаў вайны, пералічыла творы, якія найбольш яскрава адлюстроўваюць рэчаіснасць ваеннага часу. Прыгадалі і герояў Астравеччыны, якія загінулі, вызваляючы сваю зямлю.
Пасля школьнікі прынялі ўдзел у віктарыне і ваеннай гульні «Шыфравальшчык». З дапамогай адпаведнай атмасферы дзеці змаглі дакрануцца да падзей таго часу, уявіць умовы, у якіх жылі салдаты, адкрыць новыя і невядомыя факты. У канцы мерапрыемства была праведзена рэфлексія. Вучні разважалі над подзвігам беларускага народа ў гады вайны, важнасцю міру і дабрабыту ў кожнай краіне. У заключным слове бібліятэкар адзначыла, што праз подзвіг людзей, якія загінулі, абараняючы сваю краіну, кожны беларус мае права на шчаслівую будучыню.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.