Як прайшла «Бібліяноч-2024» у Астравецкай бібліятэцы

Из нашей почты Новости

Добрай традыцыяй у Астравецкай раённай бібліятэцы стала правядзенне бібліяночы, якая адкрывае таямніцы храма кніг, далучае да прыгожага слова.

Дакрануцца да слова ў гэты дзень прыйшлі чытачы рознага ўзросту. Усе яны жадалі адкрыць для сябе кніжныя таямніцы. «І кніжныя таямніцы адкрыюцца вам» – менавіта пад такой назвай стартавала свята.

Бібліяноч супала з цудоўным святам – Днём бібліятэк. Акрамя таго, у гэты дзень сваё прафесійнае свята адзначаюць бібліятэкары – захавальнікі жывога слова. Святочны дзень яны пажадалі раздзяліць са сваімі чытачамі. Ля ўваходу яны віталі наведвальнікаў, запрашалі далучыцца да гульнёвай праграмы, прыняць удзел у тэматычных пляцоўках. Творчыя, забаўляльныя, інтэлектуальныя – кожны мог знайсці месца згодна з уласным густам. У гульнявых лакацыях кнігі былі пастаўлены па колерах.

Сіняя зона чытальнай залы «Песнь сініх старонак» заварожвала. Тут знаходзіліся кнігі ў сінім пераплёце, творы, у назве якіх прысутнічае сіні колер, таксама сіні колер  у мастацтве беларускіх мастакоў. Усе яны рознай скіраванасці, аднак кожная нясе вялікі сэнс. Таксама чытачоў чакала квест-гульня, яны адказвалі на пытанні квіза па штучным інтэлекце «Кніга+моладзь=інтэлект» (інтэлектуальны паядынак). Далей правялі віктарыну па творах.  Было паведана невядомае аб вядомым: «10 цікавых фактаў аб сінім колеры», тым самым пазнаючы новае і невядомае.

Аранжавая зона стала зонай адпачынку. Тут чытачы адпачывалі, займаліся творчасцю.

На працягу мерапрыемства працавала літаратурная кавярня «Кнігачай», якая знаходзілася ў карычневай лакацыі. Удзельнікам мерапрыемства было прапанавана незвычайнае «літаратурнае меню»: «Вінегрэт з Іванушак», «Асноўная страва», «Дэсерт», «Напіткі», дзе адгадвалі загадкі, назву казкі з галоўным героем Іванам. Трэба было назваць аўтара ці кнігу, ці героя твора па яго пачатку, замяніць назву твора на супрацьлеглае апісанне.

Зялёная зона вяртала да прыроды, сама назва гаварыла пра гэта – «Зялёная сімфонія: прырода ў лістах». Гаворка ішла і пра знакамітых творцаў, знайсці іх творы ў фондзе бібліятэкі. У рамках гульні ўдзельнікам было прапанавана сабраць пазлы з выявамі славутасцяў Астравецкага раёна.

Ружовая зона была зроблена з ухілам на раманы і каханне. Любоўныя пары ў літаратуры і гісторыі таксама прысутнічалі.

Самыя адважныя мелі магчымасць наведаць чорны пакой «Пасля заходу сонца». Што знаходзіцца ў патайных пакоях? Якія жудасныя гісторыі чакаюць вас? Праверыць сваю вытрымку і адвагу маглі ўсе жадаючыя. Гэта лакацыя карысталася асаблівай папулярнасцю, бо ў цёмных сутарэннях была магчымасць сустрэць герояў кніг, што сышлі са старонак. Конкурс на лепшы танец з мяцёлкай  і іншыя займальныя забавы падаравалі добры настрой і зарад энергіі.

На інтэрактыўных пляцоўках была магчымасць зарабіць фішкі, прадэманстраваць свае веды, а пасля пайсці ў бібліякавярню. Латарэя стала сапраўдным падарункам для гасцей. Кожны жадаючы меў магчымасць атрымаць падарунак. Бібліятэку госці пакідалі ў прыўзнятым настроі, а атмасфера бібліяночы атрымалася святочнай, урачыстай і жывой. Госці адзначалі, што з нецярпеннем чакаюць наступнай такой імпрэзы.

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *