Працаю славіцца чалавек

Из нашей почты Новости

Кожны чалавек ганарыцца тым месцам, дзе ён нарадзіўся і жыве. Працавітымі, сціплымі і шчырымі людзьмі славіцца наша беларуская зямля. Асаблівую павагу выклікаюць людзі, у якіх дзяцінства было апалена вайной. На іх долю выпалі цяжкія ваенныя гады і  пасляваенная разруха.

Вось і нам, вучням 8-га і 9-га класаў Раклевіцкай базавай школы, захацелася даведацца аб такіх людзях. Цяпер многа гавораць аб любві да малой радзімы, але для таго каб яе любіць, трэба перш за ўсё яе ведаць, хто праславіў нашу вёску. Хто ўнёс вялікі ўклад у яе развіццё. Вось асноўныя пытанні, якія нас зацікавілі. Калі мы не збяром звесткі сёння, то заўтра ўжо будзе позна.

С гэтымі пытаннямі цёплым кастрычніцкім днём завіталі да старажыла аграгарадка Раклевічы Віктара Іосіфавіча Вішнарэўскага, які паведаў пра сваё няпростае жыццё. Нарадзіўся Віктар Іосіфавіч на хутары, каля вёскі Маскалёўцы у той дзень, калі нямецка-фашысцкія захопнікі акупіравалі горад Дзятлава ў 1941 годзе. Рос у вялікай і дружнай сям’і, дзе акрамя яго раслі дзве старэйшыя сястры і малодшы брат. Трымалі вялікую гаспадарку, без якой немагчыма было ў той час жыць. Таму бацькі многа працавалі і дзяцей з маленства прывучылі да працы. Дома дзеці ўсе дапамагалі рабіць па гаспадарцы: кармілі скаціну, капалі бульбу, сушылі сена. Падлеткам Віктар Іосіфавіч навучыўся араць, касіць. Пасля заканчэння сямігодкі пайшоў працаваць у калгас. У першы год працы ў падарунак атрымаў касцюм, чаму быў вельмі рады. Ажаніўся на такой жа працавітай дзяўчыне, з якой разам працавалі да заслужанага адпачынку.

Прыходзілася выконваць розныя сельскагаспадарчыя работы: развозіў  торф, угнаенне на палі, якія трэба было ўручную загрузіць і разгрузіць, пасвіў кароў, даглядаў жывёлу і інш. Усюды, дзе працаваў, вельмі стараўся, выконваў работу добрасумленна. Таму зарабіў добрую пенсію.

Выгадавалі двух сыноў, якіх, на жаль, ужо няма. Жыве адзін, таму нашай сустрэчы быў вельмі рады. Ахвотна падзяліўся ўспамінамі.

Нам пажадаў Віктар Іосіфавіч, каб мы добра вучыліся і ўсё рабілі на выдатна. І каб мы не бачылі вайны, разрухі. Таму што жыць цяпер намнога лягчэй і лепей, чым у пасляваенныя гады.

Святлана АБУХОВА,

вучаніца 9-га класа,

Дзятлаўскі раён, Раклевіцкая базавая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *