Напэўна, кожны з нас не раз чытаў твор Барыса Васільева «А зоры тут ціхія…» ці глядзеў фільм, зняты па матывах аповесці. Гэта гісторыя пра подзвіг і самаахвярнасць людзей падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Твор не пакінуў раўнадушнай і мяне. І таму, калі я ўбачыла ў афішы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы пастаноўку «А зоры тут ціхія…», адразу вырашыла пайсці на спектакль. Трагічную гісторыю прадставіў гледачам расійскі рэжысёр Дзмітрый Акімаў. Гэта першая работа майстра менавіта на беларускай мове. А таму мне ўдвая было цікава пазнаёміцца з новай інтэрпрэтацыяй аповесці. Хачу адзначыць, што на роднай мове твор гучыць зусім інакш, ён становіцца яшчэ бліжэй да сэрца.
Спектакль-рэквіем прысвечаны ўсім, хто аддаў жыццё за Радзіму. Пастаноўка паказвае нам лёс звычайных людзей, іх ілюзіі, мары і сустрэчу з непазбежнай рэальнасцю. Сюжэты, дзе ёсць месца простай чалавечай радасці нават падчас вайны, змяняюцца жудаснымі эпізодамі фашысцкай жорсткасці. Праз увесь спектакль праходзіць тэма патрыятызму і самаадданасці савецкага народа. Гледачы знаёмяцца з галоўным героем – старшыной Фядотам Васковым. Ён упарта піша рапарты з просьбай адправіць яго на фронт, бо ўжо невыносна быць камендантам раз’езду, і кожны раз яму адмаўляюць з-за ранення. Ён марыць атрымаць у распараджэнне смелых байцоў, а дасылаюць дзесяць дзяўчынак, якія сталі зянітчыцамі. Паваротным момантам сюжэту становіцца эпізод, калі Рыта Асяніна заўважае нямецкіх разведчыкаў у лесе. Дзяўчына магла б і прамаўчаць, бо пакідала размяшчэнне свайго воінскага падраздзялення без дазволу. А старшына Васкоў не спяшаўся б дакладваць кіраўніцтву пра заўважаных немцаў, але яны зрабілі іншы выбар… Байцы адправіліся ў разведку, каб захапіць у палон ворага і не дапусціць падрыў чыгункі. Яны не здагадаліся, што памыліліся і ворагаў было не пару чалавек, а амаль два дзясяткі… Кожная з дзяўчат загінула.
Словамі немагчыма перадаць увесь боль, які адчуваеш пры разуменні таго, праз што прыйшлося прайсці нашаму народу, каб выстаяць і перамагчы ў страшэннай вайне. Мы заўсёды да апошняй кроплі крыві абаранялі сваю Радзіму, самааддана змагаліся за сваю зямлю. Цаною жыцця савецкі народ пазбавіў наш край ад ворагаў, не спыніўся і працягнуў вызваленне Еўропы. Але цяпер заходнія краіны адмаўляюцца ад гістарычнай праўды, гавораць, што нічога гэтага не было, і ўвогуле Савецкі Саюз першым пачаў баявыя дзеянні. Яны бязлітасна зносяць помнікі герояў вайны, перапісваюць гісторыю на свой лад. Але наша краіна ведае, як было на самай справе, і свята шануе памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля нашага з вамі шчаслівага і спакойнага жыцця пад мірным небам.
Прайшло ўжо 80 гадоў са дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але памяць пра тыя часы будзе жыць вечна. Мы, нашчадкі воінаў-вызваліцеляў, не дапусцім, каб гэта зноў паўтарылася на нашай зямлі. Я ганаруся, што нарадзілася менавіта ў Сінявокай. Ганаруся тым, што я беларуска! І нас – мільёны, мы адзіны народ, і сваё роднае ніколі і нікому не аддадзім!
Марыя ГОРЛЕНКА,
студэнтка 1-га курса
факультэта журналісты БДУ.