Для вучняў 7-х класаў школы № 7 г. Навагрудка ў шосты школьны дзень была арганізавана дыялогавая пляцоўка, прысвечаная дзецям вайны.
З кожным годам усё далей і далей аддаляюцца ад нас трагічныя часы Вялікай Айчыннай вайны, але памяць пра подзвігі легендарнага пакалення павінна жыць заўсёды ў нашых сэрцах. Што такое вайна, якія няшчасці прыносіць гэта ліхалецце людзям, асабліва дзецям, бязвінным пакутнікам вайны? На гэтыя пытанні давалі адказ сямікласнікі. Вучні расказалі, што нашы дзеці суровай пары былі не толькі ахвярамі і пакутнікам. Яны праяўлялі гераізм і мужнасць, станавіліся своеасаблівымі байцамі супраціўлення.
Школьнікі прыводзілі прыклады гераічных біяграфій зусім юных хлопчыкаў і дзяўчынак: Валі Зенкінай, Віці Пашкевіча, Ліды Вашкевіч, Мікалая Гойшыка, Зінаіды Партновай, Марата Казея. Моцна ўразілі падлеткаў і аповеды беларускіх дзяцей з кнігі «Ніколі не забудзем». Гэтую кнігу напісалі самі дзеці. Юныя аўтары, якім давялося рана пасталець, рапавядаюць пра перажыты страх і боль, пра мужнасць і надзею на выратаванне.
Не пакінулі раўнадушнымі вучняў успаміны з кнігі народнай памяці «Дзеці вайны», якая з’яўляецца своеасаблівым працягам кнігі «Ніколі не забудзем». У ёй сабраны хвалюючыя ўспаміны былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, выхаванцаў дзіцячых дамоў, усіх тых, хто ў дзяцінстве быў апалены жорсткім, знішчальным полымем вайны. Напрыканцы дыялогавай пляцоўкі сямікласнікі прыйшлі да высновы, што няма даравання вайне, што трэба любіць родную Беларусь і берагчы яе гісторыю, шанаваць ветэранаў вайны і захоўваць памяць пра подзвігі людзей ваеннага пакалення.
Валянціна Віктараўна МАНЮК,
класны кіраўнік 7-га класа «А».
г. Навагрудак, школа № 7.