Валанцёры атрада «Добрае сэрца» Войстамскай базавай школы актыўна далучыліся да рэспубліканскай дабрачыннай акцыя «Ад усёй душы», ініцыянаванай Прэзідэнтам, якая праходзіла ужо ў трэці раз.
Па старой добрай традыці валанцёры завіталі ў госці да сваіх падшэфных – пастаяльцаў Войстамскай бальніцы сястрынскага догляду. Іх тут ужо чакалі. Вядома ж, прыйшлі не з пустымі рукамі, а з падарункамі і святочнай праграмай. Сустрэча прайшла ў цёплай добразычлівай атмасферы. Пастаяльцы горача віталі кожны нумар: яны апладыравалі, прытанцоўвалі ў такт музыцы, падпявалі знаёмыя песні – проста, атрымлівалі задавальненне.
У канцы сустрэчы кожны з прысутных атрымаў салодкі падарунак, падрыхтаваны рукамі работнікаў школы. Вочы гэтых людзей, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі, свяціліся радасцю і шчасцем. У адрас валанцёраў гучалі словы падзякі і віншаванні напярэдадні навагодніх свят. Ад сустрэчы ўсе атрымалі зарад пазітыву і станоўчых эмоцый, а дваццаць пяць адзінокіх людзей яшчэ і кропельку ўвагі, душэўнай цеплыні і клопату.
Тэрэса Станіславаўна АЎТУШКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Смаргонскі раён, Войстамская базавая школа.