Ці ведаеце, сябры, чалавек якой прафесіі ў школе самы галоўны? Майстар сваёй справы, мастак і фантазёр, матэматык, і нават, кропельку чараўнік. Не здагадаліся? Гэта школьны повар.
У сталоўцы з самай раніцы кіпіць работа. Сёння да стала запрашаюцца зацірка, зялёны гарошак, капуста і морква. Каралева стала – духмяная бабка. Стравы з беларускай кухні ў нас частыя госці. Над плітой чаруюць павары. Яны стараюцца, каб былі на месцы ўсе калорыі. Я не ведаю, у якой паслядоўнасці ўсё кладзецца. Але атрымліваецца такі смак, што хочацца падысці за дабаўкай!
Стравы ў сталоўцы кожны дзень розныя. Пасмакаваць можна боршч, малочны і гарохавы суп. На другое прапануюцца калбаскі, катлеты, смажаная рыбка і нават плоў. Падаюцца два розныя салаты. Смакуй на выбар! Ніколі не абыходзіцца без напіткаў і кампотаў.
Усе ведаюць аб карысці разнастайнага гарачага харчавання. Абед дапамагае нам падмацаваць сілы для вучобы, надае энергію, павышае працаздольнасць і настрой. Ён адразу павышаецца, калі разносяцца пахі ад піццы і пірагоў. Можа, яны такія смачныя ад дабрыні і сардэчнасці, што дабаўляюць нашы павары, калі іх гатуюць? Бярыце рэцэпты – не пашкадуеце!
Кацярына ГАНЧАР,
вучаніца 6-га класа,
Дзятлаўскі раён, Дварэцкая школа.