У сельскай бібліятэцы аграгарадка Міхалішкі працяглы час рэалізуецца прававы праект «Права для ўсіх», дзякуючы якому школьнікі знаёмяцца з важнымі рэчамі. Чарговая прававая гадзіна была прысвечана палавой недатыкальнасці «Злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды».
На сустрэчу са старшакласнікамі прыйшлі і прадстаўнікі праваахоўных органаў – старшы ўпаўнаважаны групы па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі старшы лейтэнант міліцыі А. В. Балаводскі і старшы ўпаўнаважаны групы па супрацьдзеянню кіберзлачынствам старшы лейтэнант міліцыі А. В. Грахоўскі. У ходзе мерапрыемства моладзь даведалася пра формы насілля і яго наступствы, абмеркавалі метады супрацьдзеяння гэтаму. Другім важным аспектам размовы стала бяспека ў інтэрнэце. Супрацоўнікі расказалі аб тым, як не стаць ахвярай і не страціць уласныя фінансавыя сродкі, аб асноўных правілах лічбавай гігіены.
Прафілактыка насілля пачынаецца менавіта з правільнага выхавання. Важна данесці да падрастаючага пакалення каштоўнасць мірнага суіснавання, узаемапавагі і канструктыўнага вырашэння канфліктаў. Мерапрыемствы, якія праводзяцца сумесна з моладдзю, дапамагаюць не толькі навучаць падлеткаў, але і фарміраваць больш дасведчанае і адказнае грамадства, дзе насілле не мае месца. Гэта неаднаразова падкрэслілі госці.
У ходзе мерапрыемства старшакласнікі мелі магчымасць задаць пытанні супрацоўнікам міліцыі, пацікавіцца пэўнымі аспектамі.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.