Подзвіг у імя Радзімы

Из нашей почты Новости

Напярэдадні свята Перамогі ў школе праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце. Так, у 3-м класе «Б» была праведзена класная гадзіна «Подзвіг у імя Радзімы».

Вучні даведаліся, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара, але нават залітая крывёю мільёнаў людзей, разрабаваная і напаўразбураная, краіна не здавалася. Больш за дзве тысячы мастаўчан змагаліся з ворагам на франтах, у партызанах, больш за тысячу землякоў засталіся на палях баёў.

Мастоўская зямля стала прытулкам для многіх яе абаронцаў з розных куткоў Савецкага Саюза. Памяць пра воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ўвекавечана ў шматлікіх помніках і абелісках. Адным з такіх помнікаў у нашым горадзе з’яўляецца помнік на цэнтральнай вуліцы Савецкай, каля якога штогод у дзень Перамогі збіраюцца людзі розных пакаленняў, каб успомніць пра мінулую вайну. Усе называюць гэта месца – «помнік Жукаву».

Нарадзіўся Васіль Пятровіч Жукаў ў 1922 годзе ў вёсцы Бярозаўка Багародзіцкага раёна Тульскай вобласці. Але лёс закіуў яго на Мастоўшчыну.

У ліпені 1944 года ў кірунку вёсак Стукалы, Каралі, Масты Левыя ішлі жорсткія баі з ворагам. 12 ліпеня кулямётны разлік, якім камандаваў Васіль Пятровіч, адбіў некалькі контратак праціўніка, а сам камандзір асабіста знішчыў больш за 20 фашыстаў, за што быў прадстаўлены да медаля «За адвагу». Праз некалькі гадзін ён здзейсніў свой апошні подзвіг у імя Радзімы – спыніў коштам уласнага жыцця два нямецкіх танка. Так абарвалася жыццё юнага героя, які змагаўся за горад Масты.

24 сакавіка 1945 года Васіль Пятровіч Жукаў ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Яго імя вельмі паважаюць ў Мастоўскім раёне. Каля вёскі Навінка, дзе загінуў герой, стаіць абеліск. А ў горадзе Масты на вуліцы Савецкай у 1961 годзе быў пастаўлены помнік.

Усё, што звязана з гераічным мінулым Мастоўшчыны, па крупіцах назапашваецца ў музеях і кутках баявой славы. У музеі нашай школы, дзе і праводзілася класная гадзіна, ёсць экспазіцыя, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя святыя рэліквіі голасам жывых і загінуўшых заклікаюць кожнага з нас: «Беражыце зямлю нашу так, як бераглі яе мы!»

Нізка схіляем галовы перад памяццю герояў, якія зрабілі ўсё для нашай свабоды, шчасця і светлай будучыні.

Алена Осіпаўна ВАСІЛЕЎСКАЯ,

настаўнік пачатковых класаў.

г. Мосты, школа № 2.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *