Цудоўным падарункам для выхаванцаў дзіцячага аздараўленчага лагера «Сцежкамі роднага краю» Любчанскай школы стала сустрэча з мяцовай майстрыхай па вырабу лялек-мотанак Інай Сцяпанаўнай Горбач, жыхаркай пасёлка Любча.
Дзеці пачулі цікавую гісторыю з’яўлення беларускіх нацыянальных лялек-мотанак альбо вузельчыкавых лялек, якія здаўна з’яўляюцца старажытным сакральным абярэгам славянскіх народаў.
Першая лялька-мотанка была выраблена больш за пяць тысяч гадоў таму з таго часу, калі нашыя далёкія продкі пачалі вырошчваць лён. Гэта была не проста цацка. Лічылася, што яна абараняла чалавека ад непрыемнасцяў і бед, надавала фізічных і духоўных сіл, вылечвала ад цяжкіх хвароб, ахоўвала жытло і хатнюю жывёлу.
Іна Сцяпанаўна таксама пазнаёміла дзяцей з тэхналогіяй вырабу лялек-мотанак, папярэдне загатаваўшы тканіну і розныя высушаныя зёлкі. У час правядзення майстар-класа выхаванцы зразумелі паходжанне назвы “мотанка”: тэхналогія вырабу цацкі прадугледжвае матанне тканіны без выкарыстання швейных прыналежнасцей. Затым выхаванцы лагера з вялікай ахвотай запаўнялі лялькі-мотанкі сушанай мятай, зверабоем, чабрацом, рамонкам і іншымі лекавымі зёлкамі, аздаблялі цацкі рознакаляровымі стужкамі і кветкамі. Вырабленыя сваімі рукамі старадаўнія славянскія абярэгі сталі цудоўным падарункам для выхаванцаў дзіцячага аздараўленчага лагера.
Таццяна Аляксандраўна БОРЫС,
намеснік дырэктара аздараўленчага лагера
«Сцяжынкамі роднага краю».
Навагрудскі раён,
Любчанская школа.