Вучні 6-х «А» і «Б» класаў школы № 7 г. Навагрудка напрыканцы навучальнага года адправіліся ў падарожжа па любімай краіне, каб набрацца новых уражанняў, ушанаваць памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, атрымаць новыя веды пра нязведанае.
Першы прыпынак юных падарожнікаў быў ля помніка Герою Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Карвату, які адвёў палаючы самалёт у бок ад вёскі Арабаўшчына,чым выратаваў нямала жыццяў мясцовых жыхароў. Школьнікі ўшанавалі памяць героя хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да помніка лётчыку.
Затым падарожнікі наведалі мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай» ля Баранавіч, прысвечаны памяці чэхаславакіх грамадзян, загінуўшых ад рук фашыстаў. Школьнікаў вельмі ўразіў аповед экскурсавода і сам помнік у выглядзе апор з падвешаным звонам, які пры лёгкім подыху ветрыку разгайдваўся і па акрузе разносіўся глухі трывожны стогн.
Наступным прыпынкам падарожнікаў быў музей гісторыі Беларускай чыгункі, у якім прадстаўлены паравозы, цеплавозы, пасажырскія і грузавыя вагоны розных пакаленняў, семафор, макет паста дзяжурнага па пераездзе, рамонтная тэхніка і нават зенітная кулямётная ўстаноўка. У час экскурсіі вучням дазвалялася праехаць на дрызіне, пабыць у ролі машыніста і зенітчыка, салдата Вялікай Айчыннай вайны.
Далей нас чакаў унікальны парк жывёл пад адкрытым небам- «Дыпрыз». На акружанай лесам прасторы размешчаны экспазіцыі з жывёламі, якіх каля 50 відаў. Тут і лемуры, і кенгуру, і вавёркі, і поні… Шмат птушак і розных экзатычных жывёл. Хлопцы і дзяўчаты прыйшлі ў парк жывёл не з пустымі рукамі. Школьнікі набылі спецыяльны корм і ласавалі ім братоў нашых меншых.
Развітаўшыся з паркам жывёл, вучні наведалі яшчэ адзін помнік, звязаны з трагічнымі старонкамі ў гісторыі беларускага народа. Гэта мемарыял ахвярам фашызму ў гонар вязняў лагера смерці ў вёсцы Калдычава, дзе загінула больш за 22 тысячы чалавек.
Апошнім прыпынкам падарожжа была жамчужына беларускай прыроды – возера Свіцязь, чыю прыгажосць апяваў наш славуты зямляк Адам Міцкевіч.
Падарожжа было вельмі карысным для школьнікаў, бо спрыяла выхаванню патрыятычных пачуццяў, любові да прыроды і жывёльнага свету роднага краю, чуласці і спагады да ўсяго жывога.
Валянціна Віктараўна МАНЮК,
класны кіраўнік 6-га класа «А»,
г. Навагрудак, школа № 7.