Лідскія школьнікі сустрэліся з майстрамі Саюза пісьменнікаў Беларусі

Из нашей почты Новости

Неверагодная і надзвычай цікавая літаратурная сустрэча «З’яднаныя словам мастацкім» чакала вучняў 6-га класа лідскай школы № 11 у Доме Валянціна Таўлая. Чаму неверагодна, спытаецеся вы? А таму што на ёй прысутнічалі не толькі людзі, якія цікавяцца літаратурай, а сапраўдныя майстры мастацкага слова.

У госці да лідчан завіталі члены Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Дзмітрый Радзівончык, Кацярына Каламійцава, Анатоль Апанасевіч. Лідскія школьнікі яшчэ добра памятаюць аб ўрачыстым святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Лідзе напачатку верасня, а тут чарговая літаратурная хваля падхапіла юных літаратараў.

Прыезд беларускіх пісьменнікаў, зразумела, быў запланаваны і звязаны з тым, што пасля правядзення рэспубліканскага конкурса на лепшы паэтычны зборнік сучаснай паэзіі імя Валянціна Таўлая «Шляхі, пракладзеныя ў заўтра», у літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея былі дастаўлены і перададзены кнігі ўдзельнікаў конкурса. Ва  ўрачыстай абстаноўцы намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ Дзмітрый Радзівончык перадаў значны стос мастацкай літаратуры для захоўвання ў Доме Валянціна Таўлая навуковаму супрацоўніку, паэту Алесю Хітруну.

Акрамя гэтага моманта для школьнікаў было важна пачуць саміх творцаў. І гэта, безумоўна, было ім вельмі да спадобы, бо пачуць ва уласным чытанні творы сучасных пісьменнікаў можна не кожны дзень.

Дзмітрый Радзівончык прэзентаваў тры калектыўныя кнігі Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», якія выйшлі ў свет у 2025 годзе і прысвечаны Вялікай Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. А таксама зачытаў свае нарысы, прысвечаныя дзядулю, удзельніку  Вялікай Айчыннай вайны, чым вельмі ўразіў вучняў.

Не менш цікавымі былі выступленні Анатоля Апанасевіча, які паказаў сябе як паэта-філосафа і аўтара уласных афарызмаў, і Кацярыны Каламійцавай, якая зачытала свае лірычныя прысвячэнні гораду Лідзе, звярнулася да дзіцячай тэматыкі, гістарычнай і ваеннай.

 Майстры мастацкага слова ўразілі юных літаратараў цудоўнай лірычнай хваляй. Вершы ў аўтарскім чытанні – што можа яшчэ больш прыласкаць слых чалавека. Упэўнена, наперадзе ў маладога пакалення лідчан яшчэ не адна літаратурная сустрэча з сапраўднымі пісьменнікамі. 

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,

класны кіраўнік 6-га класа «А»,

г. Ліда, школа № 11.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *