Мой настаўнік

Из нашей почты Новости

З вялікай удзячнасцю хачу расказаць пра свайго настаўніка, добрага, чулага, адданага кнігам і літаратуры чалавека, Сяргея Іванавіча Арлова. Ён, мой добры настаўнік і пасля цікавы калега, працаваў усё жыццё настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры. Выхаваў не аднаго алімпіядніка, прывіў любоў да літаратуры ў многіх сваіх вучняў.

Ён нарадзіўся 3 ліпеня 1952 года ў горадзе Быхаве Магілёўскай вобласці ў сям’і калгаснікаў. З дзяцінсва бацькі прывучылі любіць працу, з маленства вельмі любіў чытаць. У бібліятэцы часта ўзнікалі непаразуменні, калі бібліятэкары не верылі, што хлопчык настолькі хутка чытае, бо кнігі браў сумкамі. Прыходзілася бібліятэкарам расказваць прачытанае. Тады верылі. У школе вучыўся добра, якую скончыў у 1969 годзе.

Хаця настаўнікаў у сям’і не было, але ў 1970 годзе цвёра вырашыў паступаць на філалагічны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. А. Куляшова, куды яго прывяла зноў вялікая любоў да літаратуры. Не сорамна было вучыцца, бо на той момант амаль усе творы былі ўжо прачытаны.

Працаваў спачатку старэйшым піянерскім важатым у вёсцы Няраж. Сваю настаўніцкую дзейнасць  пачынаў у Сядзіцкай васьмігадовай школе Быхаўскага раёна настаўнікам-філолагам. Праз 6 гадоў пераведзены настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры ў Макранскую школу Быхаўскага раёна, дзе працаваў да 2010 года.

Сяргей Іванавіч расказваў, што менавіта з Мокрым у яго звязана многае: тут і працаваў, тут і сустрэў сваё каханне. З дзяўчынай малады чалавек ажаніўся, і разам яны ўжо вельмі доўгі час, што вельмі радуе. Сяргей Іванавіч і Аліна Фёдараўна выхавалі дваіх сыноў. А Сяргей Іванавіч з радасцю расказае пра сябе, пра свае светлыя ўспаміны з насычанага школьнага жыцця.

На ўроках заўсёды з настроем імкнуўся перадаць настрой твора, які адчуваў сам. Былі і такія моманты, калі наступала расчараванне, бо не заўсёды ўдавалася правесці добры ўрок, пранікнёна перадаць настрой твора. А часцей такія цудоўныя ўрокі атрымліваліся, што крылы за плячыма вырасталі. «Гэта ж так здорава, — гаворыць мой настаўнік, – калі вочы вучняў нераўнадушныя, калі дзеці спрачаюцца, перажываюць, разважаюць».

Мой настаўнік зараз на заслужаным адпачынку, і яго зноў суправаджаюць кнігі. А яшчэ – ён піша цудоўныя вершы і пра сям’ю, і пра каханне, і пра настаўніка… Адзін з яго вершаў называецца «Жыццё педагога»:

Бясконцыя сшыткі і планаў замнога,

Работа паўночы, за вучняў трывога,

І лічаць цябе амаль не за Бога!..

Такое яно вось – жыццё педагога.

 

І радасць за поспехі вучняў сваіх,

Удзячнасць і ўсмешкі «цяжкіх» былых…

Паверце, як гэта ўсё ж такі многа!

Такое яно вось – жыццё педагога.

Алена Уладзіміраўна ЦЫВІЛЬКА,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

Быхаўскі раён, Макранская школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *