Некаторыя школьнікі лічаць, што чытаць кнігі нямодна. Навошта, калі ёсць тэлевізар, камп`ютар і шмат іншых забаў?! Не магу не паспрачацца, як работнік дзіцячай бібліятэкі: штодня да нас завітваюць паклоннікі кніг, часопісаў – жадаюць абмеркаваць прачытанае, падзяліцца ўражаннямі, праявіць сябе ў мерапрыемствах, цікавых акцыях – “Летнее чтение – вот это приклюЧтение”, “Кніжкі на канікулах”…
З пяцігадовага ўзросту сябруе з кнігай Ваня Ільчанка, дзесяцігадовы вучань ганцавічскай школы № 3. Ён лепшы наведвальнік раённай дзіцячай бібліятэкі. Для супрацоўнікаў Ваня адметны сваім стаўленнем да выбару кнігі: ён сур`ёзна, старанна, няспешна адшуквае ў бязмежнай кніжнай прасторы нешта вядомае яму аднаму.
Дапытлівы хлопчык выдатна вучыцца, асабліва любіць матэматыку – прызёр раённай алімпіяды па матэматыцы і пераможца раённага этапа міжнароднага матэматычнага конкурсу “Кенгуру”. Засвяціўся ў міжнародным прыродазнаўчым конкурсе “Каласок”. У школьным мастацкім спаборніцтве “Мои любимые герои” заняў другое месца.
Іван паўдзельнічаў у незвычайнай акцыі “Летняя бандэролька”, з ахвотай прыхапіўшы дадому стосік кніг, звязаных паміж сабой. Юнаму чытачу задума падалася авантурнай. Сапраўды, атрымаўшы бандэрольку, ён не здагадваўся, што давядзецца прачытаць.
– З аднаго боку, гэта вельмі цікава, а з iншага – хвалююча, бо загаддзя не ведаеш, якія творы табе пападуцца ў рукі, – разважліва выказаў сваё меркаванне Ваня. – Я вельмі люблю дзіцячыя дэтэктывы, заўсёды суперажываю галоўным героям: калі яны трапляюць ў складаныя сітуацыі – мне становіцца сумна, а калі пераадольваюць цяжкасці – радасна. Дзіўныя сустрэчы з героямі, заблытаныя сюжэты, нечаканыя павароты падзей – усё пракручваю ў галаве, як мультфільм.
Акрамя дэтэктываў, Ваню захапляюць навукова-папулярная, прыгодніцкая літаратура, займальныя казкі і фантастыка. Падабаюцца выданні кшталту энцыклапедыі “Драпежнікі”, апавяданні пра жывёл, можа, таму што марыць у будучынi лячыць жывёл. Адно з любімых выданняў – “Заваёўнікі Юрскага перыяду” Ягора Крымава.
Шчыра, сардэчна пагутарыўшы з хлопчыкам, я ў чарговы раз упэўнілася, што многім рабятам кніга на самой справе дапамагае ўвасабляць мары ў жыццё, раіць, як правільна паступіць у складаных сітуацыях. Дзякуючы кнізе хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца цікавымі і неардынарнымі асобамі, такімі, як Іван.
Аксана Уладзіміраўна КАРПОВІЧ,
загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі.
г. Ганцавічы.