Шасцікласнікі Паляцкішскай школы пабывалі на экскурсіі ў музеі баявой славы Пагародзенскай школы, які быў адкрыты 9 мая 1985 года да 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Кіраўнік музея Ганна Ўладзіславаўна Юшко пазнаёміла з інфармацыйнымі стэндамі: “Гісторыя”, “Мы памятаем ваш подзвіг”, “Салдаты вайны”, “Карта-схема баявога шляху”. Вучням дазволілі пакарыстацца камутатарам, ваеннай рацыяй, тэлефонам, фотаапаратам, патрымаць прадметы быту сувязістак – фляжкі, кацялок, пасядзець у зямлянцы-бліндажы.
Ганна Ўладзіславаўна зачытала лісты з фронту Валі Паліканавай, успаміны ветэранаў Івана Іўкавіча Галашчапенка, Лідзіі Сямёнаўны Куфтавай, Уладзіміра Іосіфавіча Мармыша, Мікалая Гаўрылавіча Германюка, вязняў гітлераўскіх канц-лагераў Ніны Данілаўны Дзям’янчанкавай і Ніны Міхайлаўны Красоцкай.
Школьнікі наведалі месца, дзе ў гады вайны загінулі дзяўчаты-сувязісткі Таня Панамарова, Валя Паліканава, Каця Дзьячкіна і Шура Цярэхіна, – вёсачку Подзі, што знаходзіцца каля Пагародна. Раней там быў лес, цяпер – поле. Да помніка сувязісткам у аграгарадку Пагародна ўсклалі прыгожыя кветкі.
Ірына МАЦЮЛЕВІЧ, класны кіраўнік 6-га класа.
Воранаўскі раён, Паляцкішская школа.