Каб ведаць і захаваць традыцыі

Из нашей почты

1

На працягу дзесяці гадоў у нашай навучальнай установе працуе гурток турыстычна-краязнаўчага профілю «Спадчына», арганізатарам і кіраўніком якога зיִяўляецца педагог дадатковай адукацыі Ларыса Дзмітрыеўна Жвалеўская, творчы, актыўны настаўнік, энтузіяст сваёй справы. Гэта той самы выпадак, калі хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць не на заняткі гуртка, а да педагога. Настаўніца сумяшчае ў сабе дабрыню і мяккасць з патрабавальнасцю і ўменнем цікава арганізаваць работу гуртка.

Некалькі гадоў таму настаўніцу пачатковых класаў запрасілі адкрыць на базе навучальнай установы гурток «Спадчына». Ідэя гэта ёй спадабалася, і яна апантана ўзялася за працу. Ствараючы яго, імкнулася зацікавіць вучняў гісторыяй роднага краю, выхоўваць беражлівыя адносіны да мінулага малой радзімы, назапасіць гістарычныя, краязнаўчыя, этнаграфічныя веды, а таксама развіваць творчае мысленне сваіх выхаванцаў. Ларыса Дзмітрыеўна сцвярджае, што задача сапраўднага настаўніка – выхаванне шчырых патрыётаў сваёй Радзімы, якія будуць любіць свой народ і сваю культуру, а значыць, краіну.

Ларыса Дзмітрыеўна ўпэўнена, што яе выхаванцы павінны ведаць традыцыі свайго народа, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, вучыцца шанаваць тую мудрасць, што пакінулі нам продкі ў спадчыну, беражліва і пачціва ставіцца да сваіх вытокаў, кажучы словамі Уладзіміра Караткевіча, «не пагарджаць святым сваім мінулым, а заслужыць яшчэ і вартым быць яго».

Гурткоўцы знаёмяцца з вуснай паэтычнай творчасцю, гульнямі, танцамі, карагодамі. Яны збіраюць звесткі пра народныя святы, абрады, звычаі, наведваючыся да мясцовых знаўцаў беларускага фальклору. Многія нашы землякі з’яўляюцца неацэннымі носьбітамі народнай беларускай культуры. Ларыса Дзмітрыеўна арганізоўвае сустрэчы з цікавымі людзьмі нашага аграгарадка. Падчас гутарак з мясцовым насельніцтвам дзеці збіраюць этнаграфічны матэрыял. І не проста збіраюць, а выкарыстоўваюць практычна, каб таксама далучыцца да народных традыцый і стаць іх носьбітамі. Пазней складаюцца сцэнарыі, рыхтуюцца цікавыя мерапрыемствы.

Вучні пачатковых класаў з цiкавасцю засвойваюць спадчыну вуснай народнай творчасці праз гульнёвыя формы заняткаў. Менавіта такая форма дапамагае гурткоўцам засвоiць народна-паэтычную творчасць, якая і сёння адыгрывае важную ролю ў духоўным жыцці людзей, у фарміраванні іх эстэтычна-мастацкіх густаў, ідэалаў і светапогляду.

Самым галоўным кірункам працы з’яўляецца вывучэнне і інсцэніроўка святаў беларускага земляробнага календара: «Калядкі», «Багач», «Гуканне вясны», «Купалле», «Вялікдзень», «Сёмуха» і г.д. Праца ў гэтым кірунку прыцягвае да сябе вучняў, пашырае кругагляд, развівае самыя разнастайныя станоўчыя якасці: камунікатыўнасць, калектывізм, узаемадапамогу, выхоўвае нацыянальную самасвядомасць. Кожны з абрадаў напоўнены непаўторным мясцовым каларытам, звычаямі і традыцыямі жыхароў Бераставіччыны.

Кожную восень гурткоўцы ладзяць свята «Багач».

Вось і сёлета прайшло свята з улікам усіх беларускіх народных традыцый: з песнямі, карагодамі ды гульнямі. Галоўнае ў гэтым мерапрыемстве — сумесная работа педагогаў, бацькоў і дзяцей. Бацькі разам з дзецьмі рыхтавалі да свята касцюмы, вырабы з агародніны. Дзеці прымалі ўдзел у конкурсах «Каласок», «Цудоўны мяшочак», «Бабка Еўка і Дзед Талаш», дзе патрэбна было паказаць кемлівасць, хуткасць і з’яднанасць. Пад восеньскія карагодныя песні, якія выконвалі ўдзельнікі гуртка, выносіўся Багач – лубок з жытам і з запаленай «грамнічнай» свечкай. На свяце сімвалічным «Багачом» абнеслі кожнага прысутнага і перадалі ў рукі гаспадара.

Весела, добра на душы ў удзельнікаў свята, але і падмацавацца пара: «калі Багач, то рай на стале пабач». Прыгатавалі гарбату з мёдам, ліпай ды мятай. А якія духмяныя, смачныя ды прыгожыя чакалі да гарбаты караваі!

А каб восеньская туга не ахінала душу, можна было як след паскакаць старадаўнія танцы. І хіба ж важна, ці ўмееш ты добра танцаваць, калі ногі самі ірвуцца ў скокі?

Пад кіраўніцтвам Ларысы Дзмітрыеўны гурткоўцы ставяць і міні-спектаклі. Дэкарацыі для іх, як і касцюмы, юныя артысты робяць сумесна з бацькамі. Асабліва падабаецца дзецям традыцыйнае ў нашай установе свята «Каляда», да якога яны рыхтуюцца з вялікай адказнасцю задоўга да яго святкавання. У апошнія два гады госцем свята быў настаяцель храма святога благавернага Аляксандра Неўскага Рыгор Каляда. Іерэй расказаў дзецям шмат цікавага аб свяце і разам са  шчырымі віншаваннямі перадаў і падарункі. Але самым галоўным падарункам для дзяцей стала тэатралізаванае выступленне «Калядная казка» перад прыхаджанамі ў храме Святога Благавернага Аляксандра Неўскага аграгарадка Індура, што на Гродзеншчыне, на свята нараджэння Хрыстова. Удзельнікі гуртка падарылі прыхаджанам радасны і ўзнёслы настрой.

Свае пастаноўкі гурткоўцы дэманструюць у асноўным у навучальнай установе. Перад выхаванцамі дзіцячага садка яны выступілі з абрадам «Масленіца». Як заведзена на свяце, дзеці ад душы весяліліся: вадзілі карагод разам з казачнымі героямі вакол Масленіцы, спявалі народныя песні, гулялі ў гульні, скамарохі ўсіх весялілі жартамі і пацешкамі.

Ларыса Дзмітрыеўна лічыць, што любоў да беларускай культуры трэба абавязкова распаўсюджваць, бо наша краіна вельмі багатая на культурную спадчыну. І нам працягваць традыцыі нашых продкаў. Пакуль гэта спадчына будзе жыць, не згасне жывое слова нашага народа, яго песні, абрады, звычаі як спрадвечныя крыніцы жыватворных сіл і жыццёвай мудрасці.

Марыя Міхайлаўна КОЎШЫК,

настаўнік рускай мовы і літаратуры.

Бераставіцкі раён,

Канюхоўскі яслі-сад–сярэдняя школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *