На пярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, якое адзначаецца 21 лютага, у дзяржаўнай установе адукацыі. “Сярэдняя школа №1 г.Навагрудка” была праведзена акцыя “Гавары са мной па-беларуску”. Дзеці і дарослыя акунуліся ў чароўны свет роднага слова, якое гучала на працягу ўсяго дня.
Пачалася акцыя з інфармацыйнай хвілінкі ”Дзень роднай мовы”, якая змяшчала ў сабе і важнасць для кожнай краіны даты 21 лютага, а таксама вучні былі азнаёмлены і запрошаны да актыўнага ўдзелу ў спланаваных мерапрыемствах. І сапраўдны, дзень прайшоў цікава, павучальна, крэатыўна. Адбыўся цуд, сапраўднае свята роднай мовы.
Вучні малодшых класаў сталі сведкамі чароўнага, цудадзейнага свету міфічных герояў. Вочы дзяцей то ўсміхаліся, то суперажывалі, то хваляваліся… Ішоў прагляд беларускамоўных мультфільмаў. Затым вучні наведалі віртуальны музей нашых пісьменнікаў-юбіляраў.
У тым, што аловак і пэндзаль можа дапамагчы асэнсаваць змест мастацкага твора, пераканаліся вучні старэйшых класаў. Яны сталі ўдзельнікамі праекта “Творы пісьменнікаў вачамі вучняў”. Ілюстрацыі да твораў беларускіх мастакоў слова ўпрыгожвалі фае ўстановы адукацыі.
Усе жадаючыя, і вучні, і педагогі школы, сталі ўдзельнікамі літаратурнага флэшмоба: чытай за мной “Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля мая, зямля бацькоў святая!” З вуснаў удзельнікаў гучалі вершы беларускіх песняроў слова пра родную мову, пра бацькаўшчыну, край наш беларускі.
А вось у кабінетах вучняў 8-х класаў стаяла цішыня. Твары дзяцей былі сур’ёзныя, парой заклапочаныя. Яны пісалі дыктант па беларускай мове.
А якія інтэрактыўныя перапынкі чакалі дзяцей! Колькі цудаў было “З бабулінага куфэрка”: складанне сінквейна да слова “Мова”, “Пазнай фразеалагізм”, “У пошуках моўных скарбаў”, “Таленавітыя перакладчыкі”.
На прыканцы свята вучні сталі актыўнымі ўдзельнікамі акцыі “Далучы сваю далонь”, дзе спрабавалі далучыцца да творчасці нашых мастакоў слова. Якія непаўторныя аква-вершы ў іх атрымаліся.
Сапраўды, дзень стаў святочным! У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова родная. Для нас – беларуская!
Галіна Паўлаўна РУСАК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
СШ №1 г. Навагрудка.