Душа беларускага народа ўвасоблена ў яго мастацкіх промыслах, адмысловым майстэрстве рамеснікаў, якое перадавалася з пакалення ў пакаленне. І сёння ў нашай краіне працвітаюць кавальская справа, ганчарства і кераміка.
Падчас шостага школьнага дня вучні Путрышкаўскай школы наведалі сталярна-мастацкую майстэрню СВК «Верцялішкі», дзе мясцовыя майстры ствараюць сапраўдную казку. Іх вырабы здзіўляюць сваёй прыгажосцю, адлюстроўваюць культуру і самабытнасць беларускага народа.
Вучні школы мелі магчымасць не толькі атрымаць эстэтычнае задавальненне, паназіраць за працэсам стварэння вырабаў, але і набыць арыгінальныя сувеніры – выдатныя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі.
На кавальскім участку выпускаюцца каваныя вырабы: розныя па канфігурацыі віды рашотак, брамы, камінныя агароджы, люстры, бра, вулічныя ліхтары, падсвечнікі, кандэлябры і многае іншае. Керамічны ўчастак забяспечвае выпуск вырабаў розных стыляў: вазы, кашпо, сувеніры, малыя і вялікія архітэктурныя формы для афармлення інтэр’ераў і экстэр’ераў.
Менавіта Верцялішкаўскія ганчары стварылі 18 міні-копій вядомых архітэктурных помнікаў Гродна і Гродзенскага раёна, пераважна гэта цэрквы і касцёлы. Сёння копіі знаходзяцца ў Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры, які мы таксама плануем наведаць.
Ганна Міхайлаўна ДАБРЫЯН,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры.
Гродзенскі раён,
Путрышкаўская школа.