Калі існуе рай, то гэта, напэўна, наша малая радзіма. Сапраўды райскія мясціны! У гэтым упэўніліся навучэнцы Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Шчаслівы чалавек, які захаваў любоў да родных мясцін на працягу ўсяго свайго жыцця. Але мала любіць свой край, трэба яшчэ добра ведаць гісторыю малой радзімы. Нельга не пагадзіцца са словамі рускага пісьменніка А.М. Горкага: «Чым лепш мы будзем ведаць мінулае, тым лягчэй, тым больш глыбока і радасна зразумеем вялікае значэнне ствараемага намі сучаснага».
Аматары турыстычнага быту, прыгод і актыўнага адпачынку адправіліся ў паход па маршруце «Аграгарадок Хвінявічы–вёска Русакі–аграгарадок Хвінявічы». На першы погляд, маршрут не складаны, але такі цікавы і змястоўны. Мэтай паходу стала асэнсаванне гістарычнага мінулага малой радзімы, вызначэнне цікавых звестак пра знакамітых асоб, мясціны, падзеі роднай старонкі.
У цесным суседстве з аграгарадком Хвінявічы размяшчаецца вёска Парэчча. Знакамітасцю гэтай вёсачкі з’яўляецца вытворчы ўчастак ААТ «Алгонь». Але мясцовыя жыхары называюць яго «наш спіртзавод». Вінакурны завод заснаваў Ян Стравінскі ў 1908 годзе. Малады чалавек вылучаўся сваёй адукаванасцю. Ён самастойна кіраваў гаспадаркай, якая засталася яму ў спадчыну, і ў гэтым дасягнуў вялікіх поспехаў, так як укараняў новыя тэхналогіі, вельмі любіў тэхнічныя навінкі. У той час ён ездзіў на асабістым аўтамабілі, на які сяляне глядзелі, як на сапраўднае дзіва.
На шляху турыстычнай групы трапіліся вёсачкі Разважжа і Русакі. Прыгожыя краявіды радавалі позірк і давалі спачын душы. Вёска Русакі знакамітая сваімі азёрамі. Дзякуючы добрым людзям, якія падтрымліваюць чысціню на азёрах, працуюць па добраўпарадкаванні тэрыторыі, ёсць магчымасць пасля цяжкага працоўнага дня прыехаць сюды на рыбалку і адпачынак усёй сям’ёй. Тут можна сустрэць і гасцей з блізкага замежжа. У Год народнага адзінства гэта выклікае асаблівыя пачуцці, жаданне паказаць сваю гасціннасць, якая закладзена кожнаму беларусу з нараджэння і перадаецца праз малако маці.
Кожны чалавек тысячамі нітачак звязаны са сваёй вялікай і тым больш малой радзімай. Нітка часу самая тонкая, якая звязвае мінулае, сучаснае і будучае. На яе, нібы пацеркі, нанізваюцца нашы справы. Добра, калі іх будзе шмат. Яны самае каштоўнае, таму што нават далёкае будучае калі-небудзь стане мінулым, нечыімі ўчынкамі, лёсамі. Сёння не менш важная наша маральная пазіцыя, нашы неабыякавыя адносіны да лёсу роднага краю, сваёй малой радзімы.
Таццяна Віктараўна ЖЫНКО,
настаўніца беларускай мовы.
Дзятлаўскі раён,
Хвінявіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.