У нашай дзяржаўнай установе ёсць музейны пакой. Мы неаднаразова з дзецьмі яго наведвалі. Хочацца расказаць пра куточак гісторыі нашай школы.
Музейны пакой пачаў працаваць 1 верасня 2003 года. У ім спачатку было тры раздзелы: «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Нашы славутыя землякі», «Вялікая Айчынная вайна», а зараз пяць раздзелаў. Дабавіліся яшчэ раздзелы «Помнікі прыроды» і «Воіны-інтэрнацыяналісты».
З даўніх часоў наша зямля славілася народнымі ўмельцамі. Ткацтва і вышыванне – гэта любімая справа мясцовых жанчын. У нас сабраны дываны, вышываныя карціны, зробленыя рукамі Аліны Пятроўны Тарарук, Ганны Ільінішны Калоша.
Гэта быў вельмі складаны занятак, адна падрыхтоўка матэрыялу чаго каштавала. Спачатку воўну мылі, потым часалі пры дапамозе часалкі, затым пралі на калаўродку, сукалі ніткі пры дапамозе масцярка. Змотвалі іх на матавілле, рабілі губіцы і закладвалі аснову ў кроснах.
У нашай мясцоваці жылі людзі, якія займаліся вырабам глінянага посуду, абутку, сельскагаспадарчых прылад працы. Шылі хадакі пры дапамозе капылкоў. У сельскай гаспадарцы карысталіся сахой для узгорвання зямлі, драўлянымі віламі, сярпом. Праз сіта прасявалі муку, а праз рэшата – зерне. У каўбасніках захоўвалі каўбасы. Масла білі ў маслабойках. Праца селяніна стварала дабрабыт у сям’і.
Жыхары Мастоўшчыны аднымі з першымі адчулі на сабе ўсе жахі фашысцкай агрэсіі. Нямецкія самалёты нанеслі моцныя ўдары па ваенных аэрадромах і чыгуначных станцыях. Жорсткія баі праходзілі ў раёне вёсак Сінявічы, Лунна, Дубна, Каралі, Дварок, Малькавічы. Тэрыторыя сёняшняга Курылавіцкага сельсавета таксама была месцам баёў з ворагам. Тут сустрэліся два патокі нашых адступаючых войск.
Былі знішчаны масты праз Шчару, таму вайсковыя часці рухаліся дарогай з Курылавіч на Дзярэчын. Другі паток склалі войскі, якія рухаліся з-пад Ваўкавыска. Шукаючы дарогі на ўсход яны выйшлі каля вёсак Дарагляны – Мілявічы. Але неўзабаве і тут склаліся неспрыяльныя абставіны, асабліва даймала варожая авіяцыя.
Паколькі на Дзярэчын ішла вялікая колькасць нашых войск, сюды было накіравана шмат нямецкіх дыверсантаў. У большасці выпадкаў яны былі апрануты ў адзенне чырвонаармейцаў і цывільных людзей. Дыверсанты нападалі на нашых салдат з засады, сеялі паніку, знішчалі сувязь. Вось аб чым успамінаў жыхар вёскі Мілявічы Дубатоўка: «Бачыў і чуў, як у групе чырвонаармейцаў хтосці крыкнуў: «Таварышы, сярод нас фашыст!» – і памкнуўся да чалавека ў шынялі нашага воіна. Пад крысамі шыняля быў фашысцкі мундзір. На ломанай рускай мове гэты чалавек пачаў апраўдвацца. Фашыста дапыталі і растралялі». Мясцовыя жыхары бачылі, як з самалёта быў выкінуты нямецкі дэсант. У гэты час з боку Борак падышоў кавалерыйскі атрад. Да яго далучыліся падраздзяленні воінскіх часцей, якія прыйшлі з Дараглян і Мілявіч. Варожы дэсант быў знішчаны. З Лысай Гары наступалі нямецкія войскі. На шашы паміж вёскамі Мілявічы – Дзярэчын завязаўся бой. Ён цянуўся да ночы. Савецкія салдаты адступілі. Многа іх загінула, яны пахаваны ў брацкай магіле каля дарогі. На месцы бою пастаўлены помнік.
Ёсць такая прыказка: «На вайне дзяцей не бывае». Тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, чыё дзяцінства выпала на гады вайны, павінны былі развітацца з дзяцінствам у звычайным сэнсе гэтага слова.
Вось што расказваў Аляксандр Ацьман: «Калі мне было 13 гадоў, я атрымаў павестку у якой паведамлялася, што буду адпраўлены ў Германію. Такія павесткі ўручалі многім непаўналетнім хлопцам і дзяўчатам. У час пагрузкі ў чыгуначны састаў мне ўдалося ўцячы. Вяртацца ў родную вёску Дарагляны было небяспечна, таму пайшоў у партызаны. Мяне прынялі ў атрад «Перамога». Самым памятным быў паход на чыгунку, калі мяне ўключылі ў групу ў якасці разведчыка. Неабходна было ўзарваць эшалон на чыгунцы Ваўкавыск–Беласток. І на гэты раз аперацыя прайшла паспяхова».
Хто верне дзецям, прайшоўшым праз жахі вайны, згубленае дзяцінства? Дзеці ваеннага часу памятаюць смерць. Яны бачылі, як забівалі іх бацькоў, да і самі паміралі ад голаду.
У снежні 1941 года быў складзены спіс грамадзян, якія нарадзіліся ў 1927–1928 гады. Такіх налічвалася 145 чалавек. Амаль усіх іх планавалася вывезці на працу ў Германію. Але многія ўцякалі ў пушчу, хаваліся ў знаёмых. Тады гітлераўскія карнікі арганізавалі прымусовы вываз мірных жыхароў сем’ямі. За гады вайны ў фашысцкае рабства былі вывезены Лідзія Аўчарчык, Марыя Сай, Мікалай Казак, Мікалай Галоўка, Клаўдзія Андала і іншыя жыхары нашых вёсак. Яны былі ў канцлагерах, працавалі на немцаў. У Лідзіі Аўчарчык і Марыі Сай на руцэ застаўся выпалены нумар – метка на ўсё жыццё. Гэтых людзей ужо няма ў жывых, але мы помнім іх, бо яны былі частымі гасцямі нашай школы. Іх жудасныя расказы няраз краналі нашы сэрцы. У нас запісаны іх успаміны.
Лісты з фронту… Невялікія па памерах, без канвертаў… Складзеныя трохкутнікам. Спяшаліся яны з далёкага савецка-германскага фронту ў родныя мясціны, у любыя сем’і. Яны былі адрасаваны бацькам і жонкам, братам і сёстрам, любым і каханым… Пісаліся такія пісьмы ў перапынку паміж баямі, на прывале, у час пераезду з аднаго месца фронту у другое.Тэксты гэтых пісьмаў захоўваюцца ў нашым музейным пакоі.. Але былі і страшныя пісьмы, іх баялася кожная сям’я, якая адправіла на фронт сваіх родных – пахаронка… Прыйшла яна ў многія сем’і. Імёны загінуўшых мы можам прачытаць на помніку, які знаходзіцца недалёка ад школы ў парку.
Спіс удзельнікаў жудаснай вайны, фотаздымкі ветэранаў, іх узнагароды захоўваюцца ў музейным пакоі.
Багата наша мясцовасць людзьмі, якія праслаўлялі край у песнях, вершах, казках, расказах. Гэта Аліна Пятроўна Тарарук, Аляксей Кавалевіч, Міхаіл Осіпавіч Біч, Павел Нагуй, Іван Герасімавіч Мазалеўскі, Алег Атаманаў.
Нарадзіўся А. Кавалевіч у вёсцы Мілявічы 28 ліпеня 1929 года. Тут прайшло яго дзяцінства. Пачатковую школу закончыў на выдатна. Затым вучыўся ў Дзярэчынскай васьмігодцы, дзе і праявілася яго любоў да роднай мовы. У гэты час пачаў пісаць першыя вершы, невялікія апавяданні, выступаў з імі перад таварышамі. Потым стаў знакамітым пісьменнікам. У нас сабраны некаторыя выдадзеныя яго творы, а таксама надрукаваная ім на машынцы кніга вершаў.
А. П. Тарарук усё жыццё працавала ў вёсцы Вайнілавічы. Сваіх кніг не выдала, аднак у музейным пакоі захоўваюцца яе вершы надрукаваныя дачкой Марынай. Яна ўспамінала, што маці пісала вершы ў любы час сутак, калі было натхненне, нават ноччу. Каля ложка заўсёды ляжаў сшытак і аловак. Пісаць вершы на рускай і роднай мове пачала ўжо ў сталым ўзросце, пад сорак гадоў. Тэмы – само жыццё, назіранні, дзяцінства, любоў да роднага краю, да сваёй Радзімы.
М. О. Біч – вядомы гісторык, аўтар многіх манаграфій, напісаў шэраг раздзелаў для кнігі «Нарысы гісторыі Беларусі», у 1990-я гады ўзначальваў групу навукоўцаў па распрацоўцы новай канцэпцыі гістарычнай адукацыі ў сярэдняй школе.
П. Нагуй – казачнік з Мілявіч. Яго казка «Музыка і яшчарка» запісана ў кніжцы «Чарадзейныя казкі»!.
І. Г. Мазалеўскі – беларускі народны казачнік. У 1945 годзе ад яго запісана шэраг чарадзейных казак. Казка «Разумны хлопчык» апублікавана ў зборніку «Беларускія народныя казкі», перакладзена на нямецкую мову.
Анатоль Верабей працаваў і працуе ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства. Выдаў кнігі «Максім Танк і польская літаратура» (1984 г.), «Жывая повязь часоў; Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча» (1985 г.), «Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20-30 гадоў» (1990 г.), брашуру «Паэзія Максіма Танка» (1983 г.).
Беларускі бард Алег Атаманаў нарадзіўся 1956 годзе ў вёсцы Дарагляны. Стварыў 300 музычных твораў на ўласныя і вершы беларускіх аўтараў. Лаўрэат першага Рэспубліканскага конкурсу патрыятычнай песні (Мінск, 1980 г.) Лаўрэат і дыпламат конкурсаў і фэстаў палітычнай і бардаўскай песні ў Маскве, Самаркандзе, Тындзе, Тальяці. Двойчы лаўрэат Усесаюзнага фестывалю «Таварыш песня». Змяшчаліся ўласныя вершы ў перыядычных выданнях і калектыўных зборніках. Узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Многія юнакі нашай мясцовасці выконвалі свой інтэрнацыянальны доўг у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан. Гэта Уладзімір Пашкевіч, Аляксандр Сай, Сяргей Грамадскі, Уладзімір Жогла і іншыя.
Вось які матэрыял сабраны ў нашым краязнаўчым музейным пакоі.
Таццяна Мікалаеўна ГАЛАВАЧ,
настаўнік пачатковых класаў.
Мастоўскі раён,
Мілявіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.