Музейны комплекс «Дукорскі маёнтак» запрасіў да сабе на экскурсійна-квэставую праграму вучняў з 3-га «А», 3-га «Б» і 4-га «Д» класаў. Разам з класнымі кіраўнікамі юных падарожнікаў чакала вандроўка ў мінулае. Дзеці з задавальненнем акунуліся ў гісторыю мястэчка Дукора.
На жаль, на гэты момант ад вялікага палаца нічога і не засталося, але ў музеі маёнтка дзеці пазнаёміліся з багаццем нашых продкаў. Убачылі касцюмы, якія насілі на Беларусі ў эпоху рэнесансу, зброю, музычныя інструменты і яшчэ шмат цікавага, пра што звычайна не пішуць у падручніках па гісторыі.
Знаёмства з комплексам пачалося з брамы, а пасля дзеці адразу трапілі ў стаўню, дзе ўбачылі фаэтон і весела прамчаліся на брычцы. Прайшліся па вуліцы майстроў, дзе паназіралі за працай самабытных майстроў і набылі на памяць іх вырабы. Гэта і лялькі-мотанкі, і гліняныя збаночкі, духмяныя свечкі і кованыя ўпрыгожванні.
Не абышлося і без драўлянай зброі. Здаецца, што кожны хлапчук захацеў адчуць сябе сапраўдным воінам, разглядаючы арбалет ці лук, булаву ці сякеру. На гэта, напэўна, паўплывала імправізаванае паляванне на дзіка. Цудоўны пан Сліўка, які ўвесь час суправаджаў нашых падарожнікаў, дазволіў хлапчукам патрымаць і зрабіць фотаздымак з сярэднявечнай зброяй, папасці дзідай у драўляную мішэнь.
Вучні былі не толькі паляўнічымі, але і сапраўднымі воінамі. Усе, нават дзяўчынкі, змаглі прыняць бой. Гэта быў сапраўдны чэлендж. Мы даведаліся, хто з нашых вучняў самы спрытны, хуткі і моцны. Эмоцыі зашкальвалі, а пераможны кліч чула ўся Дукора.
І, нарэшце, галоўная разыначка комплексу – дом-перавёртыш. Гэта двухпавярховы будынак, які не толькі перавернуты, але і стаіць пад нахілам. Так дарослыя, захапляючыся дываном, пыласосам, канапай над галавой, адразу адчулі лёгкае галавакружэнне. А юныя вандроўцы весела бегалі па пакоях і нават не паспявалі рабіць фотаздымкі.
На гэтым вандроўка не скончылася. Хутка і дружна падарожнікі наведалі невялікі заасад, дзе ўбачылі хатніх птушак, коз і страусаў.
Насупраць заасада паабдымалі 400-гадовы дуб жаданняў. Калі верыць мясцовым жыхарам, то дастаткова загадаць жаданне і пакінуць дубу сімвалічную суму дзеля таго, каб яно споўнілася. Так мы і зрабілі. Як гаворыцца: «Пажывём – убачым».
Напрыканцы падышлі да вялікай экспазіцыі савецкіх аўтамабіляў і матацыклаў. Трэба адзначыць, што некаторыя вучні нават ведаюць назвы гэтых рэтрааўтамабіляў. Так гэта – «буханка» ды «жучок».
– Як прайшоў наш шосты школьны дзень? – спытаеце вы.
– Весела, эмацыянальна, пазнавальна і вельмі цікава!!!
Усім жадаем наведаць гэта цудоўнае месца і акунуцца ў нашу гістрыю.
Юлія Васільеўна ЗМАЧЫНСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг.
г. Дзяржынск, школа № 4.