Добрай традыцыяй стала ў Хвінявіцкім дзіцячым садзе–сярэдняй школе адзначаць Дзень воіна-інтэрнацыяналіста. Нягледзячы на некаторыя жыццёвыя складанасці сёлета гэты дзень не стаў выключэннем. Навучэнцы 9 класа сабраліся на ўрок памяці «Рэквіем Афганскай вайне», які прайшоў у школьным музеі баявой і працоўнай славы.
Падчас мерапрыемства навучэнцы ўзгадалі воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія пражываюць у мікрараёне школы. А. Дзянісенка падрыхтавала гістарычную даведку аб жудасных падзеях той далёкай вайны. Не лішнім было ўзгадаць інфармацыю аб геаграфічным становішчы краіны, таму што нашы землякі, успамінаючы падзеі вайны, падкрэсліваюць, што прызвычаіцца да таго клімату, рэльефу было проста немагчыма. Сяброўства, мужнасць, самаадданасць, жаданне дапамагчы, чаго б гэта не каштавала, было важней за ўсё. Мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінулых у Афганскай вайне.
Валанцёрскі атрад класа ў Дзень воіна-інтэрнацыяналіста павіншаваў нашага земляка Анатолія Яўгеньевіча Марука. Гэтыя сустрэчы вельмі карысныя для падлеткаў, таму што ў такія хвіліны яны звяртаюцца да гісторыі нашай краіны, вучацца цаніць мірны час, быць талерантнымі, сапраўднымі патрыётамі Айчыны.
Добра вывучаць гісторыю па кнігах, кінастужках, сустрэчах з відавочцамі, але нельга дапусціць стаць удзельнікамі такіх падзей!
Таццяна Віктараўна ЖЫНКО,
класны кіраўнік 9-га класа.
Дзятлаўскі раён
Хвінявіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.