Напярэдадні свята ў Вялікую суботу вучні 2-га «А» класа «А» лідскай гімназіі № 1 завіталі ў гісторыка-мастацкі музей горада на займальны музейны занятак «Ад Вербніцы да Вялікадня».
Другакласнікі з цікавасцю даведаліся пра традыцыйныя вясновыя святы, якія з’яўляюцца самымі добрымі і светлымі ў народным календары, таксама пра тыдзень перад Вялікаднём, які называўся Белым. Паспрабавалі зрабіць букет з вярбы і адкрылі для сябе вялікае значэнне асвячэння вербачак нашымі продкамі. З задавальненнем разглядалі яйкі-біткі, фарбаванкі і пісанкі. Яшчэ ўбачылі прыгожыя абярэгі і пачулі пра падрыхтоўку святочнага сямейнага стала. Галоўнае – ушанаванне адзін аднаго і назапашванне дабра на цэлы год.
Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна гулялі ў беларускія народныя гульні, прымалі ўдзел у вясёлых велікодных забавах, слухалі аповед пра фарбаванне і сімвалічны чырвоны колер яек, папрактыкаваліся ў збіранні велікоднага кошыка. Асабліва ім спадабаўся ценевы народны тэатр.
Такім чынам, вучні да беларускай культуры больш далучыліся, духоўна ўзбагаціліся і да свята падрыхтаваліся.
Ала Яраславаўна ЯРМАНТОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў, класны кіраўнік.
г. Ліда, гімназія № 1. 2-гі клас «А».