Вучні школы № 7 г. Навагрудка наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – першы ў свеце, прысвечаны самай кровапралітнай вайне XX стагоддзя, і адзіны ў Беларусі, створаны ў гады фашысцкай акупацыі.
З аповеда экскурсавода школьнікі дазналіся, што калекцыя музея была заснавана яшчэ ў чэрвені 1942 года, калі ніхто не мог сказаць, колькі часу будзе працягвацца гэта трагедыя. Падлеткаў уразілі экспазіцыі ўзбраення партызан, ваеннай тэхнікі, франтавой прэсы, антыфашысцкай падпольнай барацьбы, амуніцыі салдат і іншыя.
Дзякуючы сучасным тэхналогіям, на шырокіх плазменных экранах вучні праглядзелі кадры ваеннай кінахронікі, адчулі подых мінулай эпохі…
Напрыканцы экскурсіі школьнікі надоўга затрымаліся ў цудоўнай Зале Перамогі, якую ўпрыгожвае вітраж з малюнкам бусла – сімвалам Беларусі, каб прачытаць прозвішчы і імёны ўдзельнікаў той страшнай вайны, якая закранула кожную беларускую сям’ю.
Гледзячы на дробны шрыфт радкоў, падлеткі, магчыма, думалі пра тых зусім незнаёмых людзей, што кожны з іх вельмі хацеў жыць, кахаць, гадаваць дзетак. Але ўсё перакрэсліла страшная вайна…
Вучні ўсвядомілі, што шматлікія экспанаты музея і аповед экскурсавода сведчаць пра тое, што наш беларускі народ не стаў на калені перад захопнікамі, захаваў годнасць.
Ніхто і ніколі не зможа дакладна падлічыць, колькі беларусаў палегла на выпаленых сонцам палях, на ваенных дарогах і ў шматлікіх лагерах смерці. 77 год мінула з дня пераможнага завяршэння вайны, але яна і сёння жыве ў сэрцах пакаленняў, у памяці народнай. І ў наш такі неспакойны час моладзі важна памятаць пра подзвіг народа, пра мір на Зямлі, каб вайна больш ніколі не прыйшла ў нашу краіну.
Экскурсія ў музей Вялікай Айчыннай вайны не аставіла раўнадушным ніводнага падлетка. Яна дапамагла кожнаму з іх адчуць сябе маленькай часцінкай мужнага беларускага народа, які коштам вялікіх чалавечых ахвяр і гераізму падараваў ім мірнае жыццё.
Валянціна Віктараўна МАНЮК,
класны кіраўнік 9-га класа “А”.
г. Навагрудак, школа № 7.