У гімназіі Смаргоні са смакам адкрыўся Тыдзень роднай мовы.
Каб адчуць той самы смак, кожны жадаючы падыходзіў да чароўнага кошычка з цукеркамі. Але перш, чым паласаваць, патрэбна было зрабіць пераклад тога, што прапанавана на паперках. Кошычак хутка пусцее: простыя словы, што штодзённа ўжываюць беларусы, не падаліся нашым гімназістам цяжкімі.
Салодкі смак матчынай мовы запомніцца надоўга. Пра гэта сведчаць вясёлыя твары хлапчукоў і дзяўчат, якія кінуліся ў скокі пасля незвычайнага пачастунку. Ды і як тут стаяць слупом, калі спяваюць “Песняры” ды музыкі граюць народныя мелодыі?
Побач выстава малюнкаў. Гэта юныя мастакі прызнаюцца ў любові да матулі-Беларусі. З мастакамі згодны наведвальнікі; хтосьці з іх шкадуе, што не навучыўся так хораша выказваць свае думкі праз фарбы з алоўкамі. Але не трэба расчаравання: наперадзе чакае шанец выказаць сваю любоў па-іншаму, тыдзень багаты на сюрпрызы.
Алена Аляксееўна ПАНФЕРАВА,
настаўніца рускай мовы.
г. Смаргонь, гімназія.