З мэтай папулярызацыі і стварэння добрых умоў для развіцця спорту на базе Круцілавіцкай школы прайшоў адкрыты зімні калядны турнір па міні-футболе ў рамках рэспубліканскага праекта «Мой школьны футбольны клуб».
Турнір адбыўся, што вельмі прыемна адзначыць, на новай футбольнай пляцоўцы. Жадаючых было хоць адбаўляй! Сваіх прадстаўнікоў заявілі пяць устаноў адукацыі: Круцілавіцкая, Новаяльнянская, Дварэцкая школы, Жукоўшчынская і Раклевіцкая базавыя школы. У час спаборніцтваў на пляцоўцы панавала сяброўская атмасфера.
Дзеці атрымлівалі асалоду ад гульні і стараліся паказаць свае таленты. Усе ўдзельнікі паказалі выдатнае майстэрства ў футбольнай справе і высокі ўзровень спартыўнай падрыхтоўкі.
Па выніках спаборніцтваў самымі моцнымі аказаліся гаспадары пляцоўкі навучэнцы Круцілавіцкай школы, якія занялі 1-е месца. 2-е месца дасталася навучэнцам Раклевіцкай базавай школы, 3-е – навучэнцам Новаяльнянскай школы, 4-е – навучэнцам Жукоўшчынскай базавай школы, 5-е – навучэнцам Дварэцкай школы.
Званне лепшага бамбардзіра атрымаў Максім Ляўшук, навучэнец Круцілавіцкай школы, які забіў 17 галоў. Лепшымі варатарамі сталі Дзіяна Штэйзель, навучэнка Жукоўшчынскай базавай школы, і Масейка Раман, навучэнец Круцілавіцкай школы.
Пераможцы атрымалі граматы, медалі і каштоўныя падарункі.
Віншуем каманду нашай установы адукацыі з выдатнай перамогай на спаборніцтвах. Жадаем юным спартоўцам поспехаў і дальнейшых перамог!
Адміністрацыя Круцілавіцкай школы выказвае падзяку педагогу дадатковай адукацыі Дзянісу Юр’евічу Трафімчыку за падрыхтоўку моцнай каманды.
Таццяна ЯўгеньеўнаЛАЗОВІК,
настаўнік рускай мовы і літаратуры.
Дзятлаўскі раён,
Круцілавіцкая школа.