Сувязь пакаленняў

Из нашей почты Новости

Гэты год аб’яўлены ў нашай краіне Годам міру і стварэння, але без міру не бывае стварэння. Захоўваць мір і ствараць яго для шчаслівай сучаснасці і будучыні: што можа быць больш галоўным.

Год міру і стварэння шмат у чым стаў працягам Года гістарычнай памяці. Шмат мерапрыемстваў запланавана на 2023 год – гэта і арганізацыя выстаў, аўтапрабегаў, і адкрыццё музея на базе дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь», і правядзенне разнастайных акцый.

На працягу лютага я разам з хлапчукамі і дзяўчынкамі ўсёй Мінскай вобласці прымаў удзел у акцыі «Мой ліст салдату». Удзельнічаючы ў акцыі, усе мы стараліся крэатывіць. Хтосьці афармляў сваё пасланне ў выглядзе паштоўкі, хтосьці складваў ліст трохкутнікам, накшталт франтавога, асобныя вучні рабілі спецыяльныя канверты. У адных з іх былі змешчаны віншаванні, у іншых – словы наказу і падзякі за службу ў шэрагах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. вельмі хацелася, каб вайскоўцам было прыемна.

Пра ўдзел у гэтай акцыі расказаў сваёй бабулі. Але яна падчас гутаркі вельмі расхвалявалася і стала адразу нешта шукаць, каб паказаць мне. Гэта неверагодна!.. У руках бабуля трымала свой сшытак, вучаніцы шостага класа. Яна выконвала дамашнюю работу па беларускай мове. Тэма дамашняга практыкавння было напісаць пісьмо. Як вы думаеце каму адрасавала свой ліст бабуля? Так, гэта быў ліст салдату. На той момант яе старэйшы брат служыў ва Узброеных Сілах СССР. Сястра пісала брату. Гэты ліст з паўвекавой гісторыяй! Амаль сямейная рэліквія!

Вось яна сапраўдная сувязь пакаленняў. Вось яно – яднанне людзей рознага ўзросту і падабенства ў поглядах. На мой погляд, сувязь пакаленняў не павінна перарывацца, таму што нашы продкі «падсілкоўваюць» нас, даюць магчымасць развівацца, змяняцца ў лепшы бок. Вось чаму мне вельмі цікава даведацца пра гісторыю маёй сям’і, маіх блізкіх.

Гісторыя майго роду, маёй краіны складаецца з гісторый жыцця продкаў. Нашым продкам прыйшлося перажыць нямала войн. Адна з самых значных – Вялікая Айчынная. Захоўваючы памяць аб выпрабаваннях, праз якія прайшоў беларускі народ у час Вялікай Айчыннай вайны, аб тым, як ён будаваў і адраджаў краіну ў пасляваенныя гады, мы галасуем за мір, і будзем рабіць усё магчымае для таго, каб краіна развівалася і квітнела.

Ілья ЗМАЧЫНСКІ,

вучань 6-га класа «М».

г. Дзяржынск, гімназія.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *