Сем перамог на траіх

Из нашей почты Новости

Менавіта такі вынік паказалі навучэнцы 4-га класа «Б» школы № 4 г. Навагрудка ў раённым этапе школьных алімпіяд па матэматыцы, беларускай і рускай мовам і на абласным этапе алімпіяды па асновах бяспекі жыццядзейнасці.

Вучні Павел Яцук, Паліна Гасціловіч і Вераніка Радзюк не па чутках ведаюць, што пакарыць Алімп ведаў магчыма толькі дзякуючы штоддзённай і руплівай працы. Менавіта гэтыя складаемыя дапамаглі малодшым школьнікам дасягнуць выдатных поспехаў на раённым і абласным узроўнях.

Першы іспыт чакаў вучняў у школьным этапе прадметных алімпіяд па матэматыцы, рускай і беларускай мовах. Абсалютнай пераможцай па ўсіх прадметах стала Паліна Гасціловіч. Вераніка Радзюк заняла другое месца ў алімпіядах па рускай і беларускай мовах, а Павел Яцук прынёс у класную скарбонку адразу тры трэціх месца па ўсіх прадметах. Атрымаўшы абсалютную перамогу на школьным этапе, вучні накіравалі ўсе свае сілы і веды на падрыхтоўку да раённага этапу прадметных алімпіяд.

Першую перамогу ў капілку школьных дасягненняў прынёс Павел Яцук. Разам з Веранікай Радзюк Павел прадстаўляў нашу школу на раённым этапе алімпіады па асновах бяспекі жыццядзейнасці ўжо другі год запар. У гэтым годзе хлопчык стаў пераможцам раённага этапа. Грунтоўныя веды па прадмеце і эрудыцыя дапамаглі хлопчыку перамагчы на раённым і заняць 2-е месца на абласным этапе. Паша быў узнагароджаны дыпломам і каштоўнымі падарункамі.

Паколькі алімпіяды па матэматыцы і беларускай мове на раённым этапе праводзіліся ў адзін дзень, стаяў цяжкі выбар: хто будзе ўдзельнічаць у якіх алімпіядах? Як паказаў вынік, разлік быў зроблены правільна. Павел прадстаўляў школу на алімпіядзе па матэматыцы і заняў першае месца ў раёне, а Паліна і Вераніка – 1-е і 2-е месцы адпаведна па беларускай мове.

Наступны іспыт – алімпіяда па русскай мове. І ізноў поспех! Ды не адзін, а адразу тры: Павел Яцук заняў трэцяе месца, а Паліна Гасціловіч і Вераніка Радзюк ўзнагароджаны дапломамі 3-й ступені.

Такія поспехі, несумненна радуюць мяне, як настаўніка. Радуе і тое, што адораныя дзеці маюць магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял. Але, зразумела, што за гэтым стаіць плённая праца, сістэматычная дзейнасць на пастаяннай аснове. Алімпіядны рух – гэта частка вялікай і сур’ёзнай работы па развіцці талентаў. Для мяне, як педагога, алімпіяда – гэта эксперымент, у рамках якога адораныя навучэнцы дапамагаюць настаўнікам аналізаваць вынікі работы з вучнямі, атрымліваць новыя веды. Для навучэнцаў алімпіяда – гэта магчымасць прадэманстрыраваць наяўнасць уменняў і навыкаў, атрыманых пры падрыхтоўцы, праверка і параўнанне сваіх магчымасцей.

У мяне за гады працы склаўся свой рэцэпт поспеху: адораны вучань + кампетэнтны настаўнік + спрыяльныя ўмовы = поспех. Радуе, што работа, праведзеная на працягу некалькіх гадоў дае выдатныя вынікі.

Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца сказаць не толькі вучням, але і іх бацькам за штодзённую працу па выхаванню ў дзяцей пачуцця адказнасці, стараннасці, неабыякавасці.

Яшчэ раз віншуем пераможцаў і жадаем ім поспехаў у далейшым алімпіядным руху!

Алена Пятроўна БАЙРАШЭЎСКАЯ,

настаўніца пачатковых класаў.

г. Навагрудак,  школа № 4.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *