У пачатку 2022/23 навучальнага года вучням старэйшых класаў Канюхоўскай школы прапанавалі цікавую справу – удзел у рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў для моладзі «Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці». На першым этапе арганізатары конкурсу правялі для ўдзельнікаў пазнавальныя анлайн-семінары па тэме праектнай дзейнасці. І калейдаскоп цікавых спраў пачаўся!
Кожны месяц удзельнікі праектнай каманды Вікторыя Дабрэнка, Надзея Мотыль і Дар’я Васільчанка прапаноўвалі сваім аднагодкам цікавыя мерапрыемствы, напраўленыя на фарміраванне свядомай патрэбы ў вядзенні здаровага ладу жыцця.
Зіма парадавала снежным надвор’ем: снег іскрыўся на сонцы, мароз румяніў шчокі, а настрой быў проста выдатным! Усё спрыяла таму, каб правесці лыжныя гонкі, якія і адбыліся ў снежні. Старшакласнікі атрымалі зарад бадзёрасці і энергіі, добрага настрою. Адпачылі ў вольны час на свежым паветры і пераканаліся, што актыўны адпачынак і заняткі спортам – гэта выдатна! І зусім не абавязкова цэлы дзень праводзіць за камп’ютарам ці «завісаць» у тэлефонах, размаўляючы на адлегласці.
З мэтай папулярызацыі базавых духоўна-маральных, традыцыйных сямейных каштоўнасцей 28 снежня адбылася паездка навучэнцаў VIII-XI класаў у Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Вучні яшчэ раз упэўніліся, што славіцца добрымі традыцыямі беларуская зямля. І галоўная задача моладзі – захаваць гэтыя традыцыі. Магутнае і здаровае тое дрэва, у якога моцныя карані, здаровы і моцны той чалавек, які захоўвае памяць пра продкаў.
Мы лічым, што адна з актуальных праблем сучаснай моладзі – гэта арганізацыя вольнага часу. Няўменне правільна арганізаваць свой вольны час прыводзіць сучасную моладзь да доўгага сядзення перад тэлевізарам, камп’ютарнай залежнасці, згубным звычкам. Нягледзячы на нявіннасць такога баўлення часу, гэта наносіць істотную шкоду здароўю маладых людзей. «Як правесці вольны час? Чым заняцца ў суботні дзень, калі няма ўрокаў? Вядома ж, пайсці ў спартыўную залу!» – так вырашылі ўдзельнікі праекта.
14 студзеня 2023 года ва ўстанове адукацыі прайшлі спаборніцтвы сярод старшакласнікаў па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Страляючы ў мішэні, юнакі і дзяўчаты атрымалі добрую порцыю адрэналіну. Даказана, што пры занятках кулявой стральбой выпрацоўваюцца такія якасці, як мэтанакіраванасць, настойлівасць, вытрымка, самавалоданне. Кулявая стральба таксама спрыяе развіццю вестыбюлярнага апарата, зрокавага аналізатара. Яна развівае памяць.
Яшчэ адзін акцэнт праектнай дзейнасці ў студзені – раскрыццё і тлумачэнне паняцця “цнатлівасць” як цэльнасці і прыгажосці душы і цела, асветніцкая дзейнасць сярод дзяўчат-падлеткаў па захаванню асабістай гігіены, захаванню здароўя.
З гэтай мэтай удзельнікамі праекта была арганізавана сустрэча старшакласніц з фельчарам-акушэрам Канюхоўскага ФАПа С.І. Вярышка. Гутарка прайшла ў даверлівай форме.
Праблема маральнага здароўя не менш актуальная ў цяперашні час, чым фізічнага. Працэс фарміравання духоўнасці моладзі непарыўна звязаны з рэлігійнымі каштоўнасцямі, у прыватнасці, каштоўнасцямі Праваслаўя. Сям’я, нараджэнне дзяцей, працяг роду, павага да старэйшых пакаленняў – тэмы для абмеркавання, якія былі закрануты пры сустрэчы з іераманахам Мікалаем храма Праабражэння Гасподняга г.п. Сапоцкін. Сустрэча адбылася 23 лютага перад праглядам кінафільма ў кінатэатры “Космас” г.Гродна. Адметна, што яна прайшла ў Дзень абаронцы Айчыны, бо менавіта сённяшнія хлапчукі заўтра – мужы, апора і абарона сваіх сем’яў. Ад высакароднасці, вернасці, адданасці бацькоў шмат у чым залежыць шчасце дзяцей.
Заўсёды традыцыйныя сямейныя каштоўнасці былі і застаюцца надзейнай апорай у жыцці любога чалавека. Далучэнне навучэнцаў да народных традыцый – асноўная мэта свята «Масленіца», якое арганізавалі ўдзельнікі праектнай каманды для старшакласнікаў школы напрыканцы лютага. Вядучыя пазнаёмілі ўдзельнікаў і гасцей свята са значэннем кожнага дня сырнага тыдня. Даўней блін спадарожнічаў чалавеку ўсё яго жыццё – ад нараджэння і да апошніх дзён. Вобразнае апісанне бліна як сімвалічнай стравы даў А.І. Купрын: «… Блін – сімвал сонца, ясных дзён, добрых ураджаяў, ладных шлюбаў і здаровых дзяцей!» Былі праведзены гульні на свежым паветры, конкурсы загадак і прыказак. Навучэнцы даведаліся шмат новага, узбагаціліся духоўна.
Пешаходныя прагулкі, больш працяглыя паходы з’яўляюцца адной з формаў актыўнага адпачынку, рацыянальнага выкарыстання вольнага часу для ўмацавання здароўя.
Групавыя пешаходныя прагулкі фарміруюць пачуццё калектывізму, выпрацоўваюць вытрымку, настойлівасць, цягавітасць, спалучаюць у сабе пазнавальную і рухальную актыўнасць. Падлеткі вучацца заўважаць цікавае на турысцкіх сцяжынках, каранях і галінках дрэў, камянях. Але самае галоўнае – дапамагаюць прывесці ў парадак душу і думкі.
Сакавік – гэта пачатак вясны, калі прырода як бы замірае перад сваім абуджэннем. Першы «цёплы вецер» ужо змяніў жорсткія халодныя парывы. Ён яшчэ не насычаны вясновымі водарамі, але прыносіць значнае палягчэнне. Менавіта ў такі вясновы дзянёк, падчас паездкі ў г. Гродна, удзельнікі праектнай каманды арганізавалі для старшакласнікаў пешаходную экскурсію па Каложскім парку з наведваннем Барысаглебскай (Каложскай) царквы – помніка старажытнай архітэктуры. Старшакласнікі блукалі па сцяжынках Каложскага парку, размаўлялі, жартавалі, фатаграфаваліся, дыхалі вясной, радаваліся жыццю…
А на вясновых канікулах былі арганізаваны для старшакласнікаў спаборніцтвы па стрытболе. У склад каманд уваходзілі юнакі і дзяўчаты 8-11 класаў. Гульня была яркай і цікавай. Удзельнікі атрымалі зарад энергіі ад гульні, а балельшчыкі – ад хвалявання за любімую каманду.
Карысная для здароўя і праца, тым больш, на свежым паветры. Праца – праўдзівы стрыжань і аснова рэжыму здаровага жыцця чалавека. Існуе няправільнае меркаванне аб шкодным дзеянні працы, якая выклікае нібыта «знос» арганізма, празмерны расход сіл і рэсурсаў. Праца як фізічная, так і разумовая не толькі не шкодная, але, наадварот, сістэматычны, пасільны і добра арганізаваны працоўны працэс надзвычай дабратворна ўплывае на нервовую сістэму, сэрца і сасуды – на ўвесь арганізм чалавека.
Пастаянная трэніроўка ў працэсе працы ўмацоўвае наша цела. Доўга жыве той, хто шмат і добра працуе на працягу ўсяго жыцця. Гультайства, наадварот, прыводзіць да млявасці мускулатуры, парушэння абмену рэчываў, атлусцення і заўчаснага старэння.
14 красавіка, напярэдадні светлага свята Вялікадня, калі ўсе: і сам чалавек, і прырода – рыхтуюцца да аднаўлення, быў арганізаваны для старшакласнікаў працоўны дэсант па пасадцы лесу. Узялі з сабой добры настрой, узброіліся неабходным інвентаром і пачалі працу. Працавалі дружна. Шэраг маладых бярозак з’явілася на палянцы. Здаецца, тоненькія дубчыкі тырчаць з зямлі, але пройдзе час – і зашуміць на гэтым месцы цэлы бярозавы гай. І будучым дзецям, і ўнукам можна будзе паказаць. Жартавалі хлопцы: «Адну карысную справу ў жыцці ўжо дакладна зрабілі: дрэва пасадзілі…» Ды не адно дрэва, а цэлы гай!
А ў канцы красавіка, за «круглым столом», сабраліся ўдзельнікі, каб абмеркаваць тыя справы, якія былі праведзены падчас рэлізацыі праекта на працягу навучальнага года. Тэма гутаркі “Тваё здароўе ў тваіх руках». Вучні адзначалі самыя яскравыя і цікавыя моманты, гаварылі пра тое, што быць здаровым – натуральнае жаданне кожнага чалавека. Здароўе – паняцце не толькі біялагічнае, але і сацыяльнае. Добрае здароўе – гэта радаснае ўспрыманне жыцця, высокая працаздольнасць.
Юнакі і дзяўчаты прыйшлі да высновы, як важна весці здаровы лад жыцця, што здароўе – гэта стан поўнага фізічнага, маральнага і сацыяльнага дабрабыту, а не толькі адсутнасць хвароб або фізічных дэфектаў. Мэта праекта – фарміраванне ў старшакласнікаў свядомай патрэбы ў вядзенні здаровага ладу жыцця шляхам сумеснай працы школы, грамадства і царквы – была рэалізавана, а вучні атрымалі задавальненне ад удзелу ў праекце.
Валянціна Мечыславаўна КУЛІСЕВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры,
Бераставіцкі раён, Канюхоўская школа.