Цімкавiцкiя вытокі

Из нашей почты Новости

«Чалавек – гэта цэлы свет». Менавіта так лічыў вядомы беларускі пісьменнік, драматург, публіцыст и перакладчык Кузьма Чорны.  Яго адрознівала ад iншых любоў да сваёй радзімы і каранёў, цудоўнае валоданне роднай мовай, а таксама тонкі псіхалагізм.

Кузьма Чорны – псеўданiм, а сапраўднае імя пісьменніка Мікалай Карлавіч Раманоўскі. Нарадзіўся Кузьма Чорны 24 чэрвеня 1900 года ў маёнтку Боркі, дзе правёў сем гадоў свайго жыцця, а потым яго сям’я пераехала ў Цімкавічы, дзе будучы пісьменнік правёў значную частку свайго жыцця. Менавіта тут, ў аграгарадку Цімкавiчы, знаходзіцца літаратурны музей Кузьмы Чорнага.

Традыцыйна ў гэтам месцы праходзіць лiтаратурна-музычнае свята «Цімкавіцкія вытокі». У гэтым годзе арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Капыльскі райвыканкам і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Для гасцей была арганізавана вельмі цікавая праграма.

Пачалося свята з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак да помніка загінуўшым воінам-пагранічнікам. Затым мерапрыемства прадоўжылася на галоўнай сцэне. З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік і старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос. Яны падкрэслілі, што сваёй творчасцю Чорны і сёння перадае нам тыя добрыя якасці чалавека, без якіх немагчыма ствараць цудоўныя рэчы і жыць у згодзе і ладзе. На свяце адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу «Кожны чалавек – гэта цэлы свет», прысвечанага жыццю і творчасці знакамітага земляка. Пераможцы конкурсу ў дзвух намінацыях: «Выяўленчае мастацтва» і «Літаратурная творчасць» атрымалі граматы і падарункі.

Цікавымі былі і сустрэчы з вядомымі і маладымі пісьменнікамі. Гасцям свята былі прапанаваны пазнавальныя экскурсіі па музеі класіка з чаяваннем «Каля самавара Кузьмы Чорнага», дзе можна было ўбачыць асабістыя рэчы, фатаграфіі з сямейнага альбома, рукапісы майстра слова і кнігі на розных мовах свету і нават пачуць голас пісьменніка, зафіксаваны на магнітнай стужцы.

Працавалі тэматычныя пляцоўкі, некаторыя з іх былі прысвечаны творчасці Кузьмы Чорнага, а другія куьтуры і гісторыі роднага краю. На свяце былі ігры і квэсты для рознага ўзросту людзей, працавалі майстар-класы, тэматычныя фотазоны, а для жадаючых была адкрыта пляцоўка фудкорта.

Для дзяцей у музеі была прадстаўлена «Батлейка». Спецыяльнымі гасцямі канцэртнай праграмы сталі артысты Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача са спектаклем «Беларускія вадэвілі» і заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята». Фіналам жа мерапрыемства сталі фестываль фарбаў «Холі» і маладзёжная дыскатэка.

Што і казаць, свята адбылося на славу. А калі вы не змаглі наведаць мерапрыемства, не шкадуйце, а абавязкова завітайце сюды праз год.

Ганна КАРПОВІЧ,

вучаніца 8-га класа,

СШ №3 г. Копыль, школа №3.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *