Захавальнікі народнай душы

Из нашей почты Новости

20 гадоў творчасці, новыя цікавыя харэаграфічныя пастаноўкі, захопленыя погляды гледачоў – гэта вынік вялікай і крапатлівай працы ўсіх удзельнікаў узорнага фальклорнага калектыву «Знічка» Палатоўскай базавай школы. Нізкі паклон і шчырыя словы падзякі за прафесіяналізм, вялікі ўклад у развіццё харэаграфічнага мастацтва, высокі ўзровень выканання навыкаў і сцэнічную культуру калектыву, кіраўніку Валянціне Міхайлаўне Баевай і канцэртмайстру Валянціну Мікалаевічу Кургану.

Фальклорны калектыў «Знічка»  быў створаны ў 2003/2004 навучальным годзе. Сёння ён налічвае 23 вучні. 24 лістапада 2008 года фальклорнаму калектыву калегіяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прысвоена званне «ўзорны». Ён ужо пяць разоў падцвердзіў гэта ганаровае званне.

Вучні не толькі спяваюць і паказваюць абрады, але і іграюць на музычных інструментах: беларускай дудзе, акарыне, гармоніках, скрыпцы, цымбалах, кантрабасе, жалейках, дудачках, шумавых. А яшчэ вельмі спрытна выконваюць беларускія народныя танцы, прычым менавіта свайго рэгіёна. Займаюцца саломапляценнем і пляценнем з лазы, вышыўкай, разьбой па дрэве, выцінанкай, пляценнем паясоў.

Заняткі ў калектыве праходзяць у форме, максімальна набліжанай да традыцыйнай перадачы ведаў, уменняў і навыкаў вусным шляхам. Мелодыя, спеў, гучанне музычных інструментаў і рытмаў, скокі, танец, вопратка, атрыбуты, маскі і, нарэшце, адпаведнае прыроднае асяроддзе, пара года, рэгіянальнае месца знаходжання, якое фарміруе мясцовы мастацкі каларыт, – усё гэта існуе ў адзінстве мастацкай этыкі, маралі народа.

На працягу апошніх гадоў калектыў працуе над стварэннем мадэлі школы як сродка ўзнаўлення фальклору і этнізацыі асобы, якая дае рэальныя магчымасці для выхавання чалавека з глыбокай базавай і этнамастацкай адукацыяй, з навыкамі нацыянальнай па форме культурна-стваральнай дзейнасці. Заняткі спрыяюць падрыхтоўцы хлопчыкаў і дзяўчынак да актыўнага ўдзелу не столькі ў тэатральна-канцэртнай дзейнасці, колькі падрыхтоўцы іх да свядомага, зацікаўленага ўдзелу ў мясцовых абрадах, рытуалах, святах земляробчага календара. Стала цудоўнай традыцыяй для жыхароў мікрараёна школы правядзенне народных свят «Каляды», «Грамніцы», «Гуканне вясны», «Масленіца», «Саракі», «Вялікдзень», «Юр’е», «Зялёныя святкі», «Купалле», «Багач», «Пакровы», «Піліпаўскія вечары». Адроджаны абрады «Заручыны», «Вяселле ў Палатоўскім краі», «Дарэнне маладой».

 Эфектыўнасць работы фальклорнага калектыву залежыць ад умелага выкарыстання нацыянальных традыцый народа, у якіх навучанне і выхаванне здзяйсняецца ў гарманічным адзінстве. Рэзультатыўнасць нашай дзейнасці гэтую думку падцвярджае.

Ілья ЛІТВІНАЎ,

вучань 9-га класа,

Полацкі раён, Палатоўская базавая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *