Маршрут пабудаваны

Из нашей почты Новости

За чатыры гады мы з вучнямі дзяржаўнай  установы адукацыі “Сярэдняя школа №3 г. Навагрудка імя В.Г.Гаховіч” наведалі шмат розных аб’ектаў, пабылі і пабачылі шмат чаго цікавага. А вось апошняя наша паездка выклікала найбольшае захапленне. “Куды быў пракладзены ваш маршрут?”, — запытаеце вы. З задавальненнем адкажам і раскажам.

Перш- наперш вучні 4-х класаў наведалі адукацыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у Мінску.

На трох паверхах Цэнтра прадстаўлена больш за 30 інтэрактыўных пляцовак. Навучанне праходзіла ў гульнявой форме з выкарыстаннем метаду максімальнага апускання ў сераду, якая імітуе надзвычайную сітуацыю.

Перамяшчаючыся паміж лакацыямі, дзеці даведаліся, якія правілы бяспекі неабходна выконваць на вуліцы, запраўцы, чыгуначнай станцыі, у транспарце, у тым ліку метро, пры пераходзе дарогі, руху па слізкай лесвіцы і ў натоўпе.

Прадстаўнік МНС, якая суправаджала экскурсію займальным апавяданнем, засяродзіла ўвагу на тым, да якіх, часам трагічных, наступстваў прыводзіць не затушаная цыгарэта падчас запраўкі аўтамабіля, карыстанне мабільным тэлефонам пры скрыжаванні ажыўленай магістралі або чыгуначных шляхоў (нават па пешаходным пераходзе!).

Адным з пунктаў «маршруту» стала дэманстрацыя правілаў пажарнай бяспекі ў побыце. З дапамогай магчымасцяў дапоўненай рэальнасці было прадэманстравана, як важна не пакідаць без нагляду ўключаныя бытавыя прыборы, своечасова клапаціцца аб спраўнасці каміна ці печы, электраправодкі, газавага абсталявання.

Таксама вучні на ўласным досведзе змаглі даведацца, што адчувае чалавек, які апынуўся ў цёмным задымленым памяшканні або падчас землятрусу, моцнага ветра.

Асобныя блокі пазнавальнай экскурсіі былі прысвечаны экалагічнай бяспецы, правілам паводзін на вадзе, у лесе, падчас розных здарэнняў прыроднага і тэхнагеннага характару.

Удзельнікі экскурсіі падзякавалі супрацоўнікам МНС за добры ўзровень арганізацыі вучэбнага занятка.

Далей мы з вучнямі рушылі на мемарыяльны комплекс “Курган Славы”-  мемарыял ў імя мужнасці і гераізму. Дзеці даведаліся, што Курган Славы — гэта насыпны пагорак у 70 метраў. Праз 20 гадоў, пасля вызвалення Беларусі, сюды везлі зямлю з усіх краін, якія ў поўнай меры адчулі на сабе гора і трагедыю ваенных гадоў. Так стваралі рукатворны ўзгорак. І цяпер у нетрах яго стогнучая смуткам зямля, прывезеная з 12 гарадоў-герояў і 1 крэпасці-героя. Побач, на пляцоўцы каля Кургана Славы,  размешчана экспазіцыя ваеннай тэхнікі. Над узгоркам узвышаюцца чатыры стуленыя 35-метровыя штыка-абеліска, якія сімвалізуюць баявое  братэрства 4 франтоў: першага, другога і трэцяга беларускіх і першага Прыбалтыйскага, якія вызвалілі «зямлю пад белымі крыламі» ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Наступны прыпынак – г. Жодзіна. Не магчыма было стрымаць слёзы, калі мы падышлі да помніка маці-патрыёткі Настассі Фамінічны Купрыянавай. Гэту жанчыну ў г. Жодзіна і Смалявіцкім раёне ведаюць амаль усе. Пяць сваіх  сыноў блаславіла яна на барацьбу з фашыстамі, і ніводны з іх не вярнуўся з вайны. Яна стала пры жыцці сімвалам самаахвярных маці. У г. Жодзіна ўзведзены манумент маці-патрыётцы. Гэты помнік не толькі Н.Ф.Купрыянавай, гэты помнік усім маці, што не дачакаліся сваіх дзяцей з вайны.

  Паглядзець на легендарны аўтамабіль, які стаў адным з сімвалаў Беларусі, забраць дадому яго цацачную копію змаглі нашы вучні, якія адправіліся ў падарожжа на завод БелАЗ у Жодзіна. Жодзінскія кар’ерныя самазвалы — унікальная з’ява. Дзеці даведаліся , што першы БелАЗ сышоў з канвеера ў 1961-м, калі людзі скарылі космас. Цяпер штогод «нараджаецца» больш за 2000 машын, без малога  кожны трэці самазвал у свеце — белазаўскі. Машына можа працаваць у кар’ерах глыбінёй звыш 500 метраў і на вышыні больш як чатыры тысячы метраў. Ёй не страшныя ўмовы ад мінус да плюс 50 °С.

А яшчэ нам расказвалі  пра асаблівасці машын, паказваючы іх макеты. Яны зроблены настолькі бездакорна і прывабна, што забраць дадому такія цацкі, хацелася кожнаму.

Праз колькі хвілін, надзеўшы яркія аранжавыя камізэлькі і каскі, дапытлівыя экскурсанты ўжо з захапленнем падымаліся  па лесвіцы на 450-тоннага гіганта, які магутнасцю можа паспрачацца з табуном з 4600 коней. Побач з кабінай пляцоўка, памерамі большая за 10-метровы пакой, якая знаходзіцца на вышыні амаль трохпавярховага дома. Не кожны нават адважваецца падысці да краю. Гігант паставіў два сусветныя рэкорды. Памерам самага вялікага ў свеце кузава — 645,4 м3 — і здольнасцю перавезці адразу 503,5 тоны грузу (гэта статак прыкладна са 100 дарослых сланоў). Так што ў Кнігу рэкордаў Гінеса ён занесены нездарма. Ды і памеры самога завода — 133 гектары — уражваюць. Каб прайсці яго пешшу, спатрэбілася б гадзіна, таму нас, турыстаў,  вазілі  па прадпрыемстве на аўтобусе.

А што далей? А далей, стаміўшыся, мы з дзецьмі адправіліся дадому. У аўтобусе доўга не змаўкала гаворка. Хацелася падзяліцца ўражаннямі. Час праляцеў хутка і мы неўзабаве апынуліся дома: у нашым родным г. Навагрудку. Вялікі дзякуй усім за цудоўнае падарожжа!

  Жанна Яўгенаўна БЯЛЬЧЫЦКАЯ,

  настаўнік пачатковых класаў,

г. Навагрудак, школа № 3 імя В. Г. Гаховіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *