Таямніца забытага куфра

Из нашей почты Новости

Мая радзіма мае багатую гісторыю, якая жыве ў нашай памяці. А школьны музей стаў яе домам. Яго экспанаты зусім не застылыя сведкі гісторыі. За час заняткаў у гуртку «Юны экскурсавод» я навучылася іх слухаць і разумець.

Куфар у этнаграфічнай зале музея займае цэнтральнае месца, і сёння ён зусім не адзінокі. Вакол яго ганарова размясціліся бабуліна шафа і канапа, забыты  гліняны  посуд, рэчы хатняга ўжытку — усе знайшлі сабе прытулак, атагрэліся ля нераўнадушных да гісторыі сваёй зямлі сэрцаў. Сёння яны шчыра дзеляцца сваімі тайнамі і жывуць надзеяй, што яшчэ не адно пакаленне дапытлівых завітае ў музей, раскруціць калаўрот часу ды зазірне ў самабытны куфар — захавальнік традыцый маёй роднай зямлі.

Напэўна, сёння не знойдзеш ні ў воднай хаце, тым больш у гарадской кватэры такі прадмет хатняй мэблі, як куфар. Цяпер у сучанай вёсцы куфар страціў сваё прызначэнне. У час экскурсіі я заўважала, што шмат хто не ведае,  што такое куфар. Куфар – гэта від мэблі, вялікая скрынка з векам і замком для захоўвання тканіны, адзежы, каштоўнасцей.

Добра вядомы куфар у сувязі з яго роляй у вясельным абрадзе. З поўным куфрам асацыюецца багатае, забяспечанае будучае жыццё маладых. Вырабляліся куфры на замову, часам майстрамі з вёскі. Прамое прызначэнне — захоўванне адзення, тканіны, але ёсць куфры і для захавання збожжа, прадуктаў. Вясельныя куфры маюць багатае аздабленне, у сярэдзіне зроблена адмысловая палічка для каштоўнасцяў, замыкаецца на замок. Пазней куфры былі выцеснены з ужытку шафамі, і нявесцін бацька вымушаны быў знаходзіць дачцэ модную шафу, замест старасвецкага куфра.

Гэты куфар, які знаходзіцца ў этнаграфічнай зале, належаў маёй прапрабабулі Лукер’і Нікіцічны Таратутка, якая нарадзілася ў 1891  годзе ў вёсцы Глушнева Расонскага раёна. Затым, выйшаўшы замуж, з мужам жыла ў в. Валатоўкі Расонскага раёна. Да сёняшняга дня захавалася хата, у якой яна жыла разам са сваім мужам. Цікава, што ў Расонскім раёне адна вёска Валатоўкі, у якой не было спалена ў гады Вялікай Айчыннай вайны ніводнай хаты. Канешне, цяпер гэта ўжо старая, напалову ветхая хата. І вось там, у гэтай хаце адзінока стаяў куфар, які мне і паказала мая бабуля.

Мая бабуля (па мацярынскай лініі) Любоў Ягораўна Салаўёва расказала мне пра гэты куфар, ад якога я не магла адвесці вачэй і спачатку не разумела яго каштоўнасць. І бабуля мне расказала аб куфры цікавую гісторыю. Жыў у вёсцы Валатоўкі адзін народны ўмелец, які з драўніны вырабляў такія рэчы. Выраб куфару быў сапраўды мастацкай справай. У маёй прапрабабулі куфар выраблены з дрэва, а менавіта з сасновых дошак, пафарбаваны ў цёмна-карычневы колер. Амаль не захаваўся ўзор, які быў зроблены ад рукі. Зверху куфар зачыняўся крышкай. Дробныя геаметрычныя і раслінныя матывы  (зоркі, лісточкі, крыжыкі)  нанесены пасярэдзіне на знешнім баку куфра. Гэта так званы арнамент. Звычайна, майстры не рабілі падобных арнаметаў, а кожны куфар стараліся размалёўваць па-рознаму, з улікам жаданняў будучай нявесты.  Гэты куфар мае вялікія памеры: даўжыня  1 метр, шырыня – 60 см, вышыня – 80 см. У ім змяшчалася шмат неабходных хатніх вырабаў. Выраблены куфар быў ў 1914 годзе, напярэдадні вяселля  маёй прапрабабулі. У куфары ўнутры былы зроблены нішы, у якой знаходзіліся вышыванкі, адзенне, дываны і іншыя рэчы.

А што ж было ў куфары? Там нявеста захоўвала свой пасаг. Гэта вясельнае ўбранне: зроблены з каляровых кветак вянок, андарак, вышытая сарочка і фартух, упрыгожаны стужкамі. Яны, старанна выпрасаваныя і акуратненька складзеныя гаспадыняй, напаўнялі гонарам драўлянае сэрца за аказаны давер. У сакрэцік – скрыначку збоку хавалі гаспадары ўпрыгожванні: пацеркі, пярсцёнкі, завушніцы… і шматлікія абярэгі: ільняныя вырабы, ніткі, спрадзеныя ў чацвер левай рукой, чырвоная хустка, абрус з велікоднага стала, ручнік, кашуля, сатканая і вышытая рукамі нявесты і падораная жаніху з чырвоным арнаментам. Гэта адлюстравана ў песенным фальклоры: «Што сяляначкі пралі, што мяшчаначкі ткалі, белыя лебедзі на моры бялілі, а сястрыцы ў куфар залажылі».

У цяперашні час гэты прадмет хатняга ўжытку мае значнасць у раскрыцці тэмы экспазіцыі «Наперад у мінулае». Праводзячы экскурсіі, звяртаю ўвагу на тое, што куфар у XX стагоддзі з’яўляўся культавым аб’ектам. Кожная нявеста захоўвала ў ім свой пасаг і іншыя каштоўнасці. Сваты везлі куфар на вясельным возе, і ім загадвалі не згубіць «ні скрыні, ні пярын, ні маладой гаспадыні». Жаніх павінен быў «выкупіць» куфар. А пра маладога спявалі: «Яго коні каваныя, вязуць скрыні маляваныя».

Куфар быў не толькі прадметам мэблі. Да яго і адносіны былі асаблівыя. Так, бабуля мне расказала, што нельга было адчыняць куфар у адзін з дней Масленіцы, каб не выпусціць з яго багацце і поспех. Свой куфар нельга было аддаваць, бо потым не будзе шчасця.

Цяпер у этнаграфічнай зале куфар з’яўляецца сведкам традыцыйнага вясковага побыту. Мінулае, цяперашняе і будучае заўсёды цесна пераплецены. Нельга глядзець у будучыню, забываючы аб мінулым. Захоўваючы традыцыі мінулага, мы захоўваем сябе, свой народ, сваю беларускую культуру.

Адзін вясковы куфар! А колькі цікавых – апавядальнікаў знаходзіцца на задворках і падстрэшках бабуліных апусцелых хат.

Яна ПЯТРОВІЧ,

вучаніца 10-га класа,

Расонскі раён,

Клясціцкая сярэдняя школа імя У. А. Хамчаноўскага.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *