Літаратурны вечар у бібліятэцы

Из нашей почты

Ва ўсе часы бібліятэка была асяродкам культуры і прыгажосці. Далучаючыся да паэтычнага і празаічнага слова, чытачы не проста ўзбагачаліся духоўна, але яшчэ і сустракаліся праз творы з іх аўтарамі. Праз пэўныя словы, думкі і выказванні чытачы вучыліся разумець пісьменніка, бачыць яго ўнутраны свет. Аднак на сённяшні дзень сустрэцца з празаікамі і паэтамі можна не толькі праз старонкі кніг. Яны самі прыходзяць на сустрэчу да сваіх чытачоў. 

Чарговая сустрэча з творчым і апантаным чалавекам прайшла ў філіяле «Варнянская сельская бібліятэка-клуб». На гэты раз на кубачак гарбаты сюды завітала таленавіты паэт Рытта Ракіцкая. У сувязі з гэтым быў арганізаваны літаратурны вечар «Удыхаючы ў жыццё словы і радкі».

Астраўчане добра ведаюць, што Рытта Леанардаўна – іх зямлячка. Яна нарадзілася на астравецкай зямлі, якая натхніла паэта да творчасці, падаравала творчы запал. Узнёсла і прыгожа з яе вуснаў гучалі вершы пра каханне, прыроду, сямейныя узаемаадносіны. Ёсць месца ў творчасці аўтара і для патрыятычнай лірыкі. Верш пра невядомага салдата расчуліў прысутных, прымусіў задумацца над галоўнымі вартасцямі – мірам і жыццём.

На сённяшні дзень Рытта Ракіцкая знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але ў душы ёй і сёння васямнаццаць. Гэта адчуваецца па яе творах – простых, прыгожых і светлых. Пісаць пачала ў шаснаццаць год. З таго часу яна ўжо ніколі не адкладала творчага пяра, стварала прыгожыя і мілагучныя вершы. Акрамя паэзіі, Рыта Леанардаўна вяжа, разгадвае сканворды і, канешне ж, чытае. Мастацкая літаратура натхняе жанчыну, дапамагае гарманічна развівацца.

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *