Дакрануцца да старажытных абрадаў ды пазнаёміцца з народнымі традыцыямі вучні Хонаўскай школы змаглі падчас святкавання Калядак не толькі ў нашай установе адукацыі, а і ва ўсім аграгарадку Завадская Слабада.
Дзеці разам з педагогам-арганізатарам Лізаветай Сяргееўнай Бяляевай і дырэктарам школы Ірынай Міхайлаўнай Сырамалотавай падрыхтавалі цікавае каляднае відовішча, у якое ўключылі традыцыйныя калядныя гульні, песні і танцы, варожбы і вядома ж вясёлыя песенькі-калядкі, якія ўслаўляюць гаспадароў за шчодрасць, дабрыню, гасціннасць, нясуць пажаданне здароўя, шчасця і добрага настрою на ўвесь новы год.
Галоўнымі героямі відовішча сталі Каляда, Каза, Мядзведзь, Цыган, Цыганка, Звезданоша, Механоша. Спачатку героі павіншавалі з Калядамі вучняў, настаўнікаў і працаўнікоў школы, а потым увечары пайшлі дарыць добры настрой, радасць і шчасце на бягучы год жыхарам аграгарадка. Было цікава, займальна не толькі гледачам, а і самім ўдзельнікам.
Усе героі свята атрымалі салодкія пачастункі і зарад добрага настрою. А таксама змаглі дакранутся да нашых традыцый, а значыць, нашы абрады будуць захаваны і перададзены будучым пакаленням.
Марына Міхайлаўна НОВІКАВА,
настаўнік пачатковых класаў,
Магілёўскі раён, Хонаўская школа.