Любіць родную мову

Из нашей почты Новости

Як прыемна кожны дзень бачыць прыгажосць роднага куточка, слухаць пявучую беларускую мову і адчуваць у душы вялікі гонар за сваю Радзіму – Беларусь.

Стала добрай традыцыяй у Міжэрыцкай базавай школе адзначаць Дзень роднай мовы. З мэтай папулярызацыі беларускай мовы і культуры ў школьнай бібліятэцы была арганізавана кніжная выстава «Мову матчыну шануйце!» Наведвальнікі бібліятэкі мелі магчымасць пачытаць уголас літаратурныя творы на роднай мове і атрымаць асалоду ад гучання сакавітага беларускага слова.

Для нашых маленькіх дашкалят вучні 5-га класа падрыхтавалі інсцэніроўку казкі «Лёгкі хлеб» на новы лад. Навучэнцы падчас iнсцэнiроўкi беларускай казкi змаглi паказаць свае здольнасцi ў веданнi роднай мовы. Выхаванцы былі пад вялiкiм уражаннем ад таго, як цiкава i мiлагучна гучыць казка па-беларуску.

Вучням пачатковых класаў загадзя было дадзена заданне паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў. І як вынік, вучні стварылі прыгожы вернісаж «Роднай мове прысвячаю…».

Квэст-гульню «Пагуляем у роднае слова» мы прапанавалі для вучняў 7–9-х класаў. У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі не проста вялі гаворку на беларускай мове – яны падарожнічалі па краіне роднай мовы, атрымлівалі маршрутныя лісты, рабілі прыпынкі, выконвалі пэўныя заданні.

Удзельнікі гульні з задавальненнем адказвалі на бліц-пытанні, разгадвалі крыжаванкі і шарады, праяўлялі веды і кемлівасць. Юных беларусаведаў падтрымлівалі балельшчыкі і ацэньвала кампетэнтнае журы.

Усе жадаючыя: педагагічныя работнікі, бацькі вучняў і дарослае насельніцтва – прынялі ўдзел у Гродзенскім абласным дыктанце, прысвечаным дню роднай мовы.

Ніна Іванаўна ВАЛАДАШЧЫК,

Аксана Міхайлаўна ТРУБЕЙ,

настаўнікі-філолагі,

Зэльвенскі раён Міжэрыцкая базавая школа імя У. Ляха.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *