У Рэспубліцы Беларусь існуюць розныя святы, накіраваныя на падтрыманне гістарычных традыцый. Адно з іх – Дзень беларускага пісьменства, якое адзначаюць у першую нядзелю верасня.
Гэты дзень – сімвал шанавання культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі. Напярэдадні свята для вучняў 7-га класа гімназіі № 1 г. Дзятлава была праведзена інтэрактыўная гульня «Я люблю Беларусь», дзякуючы якой дзеці здзейснілі своеасаблівае падарожжа ў мінулае, пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята Дня беларускага пісьменства.
Падчас гульні хлопчыкі і дзяўчынкі паэтычнымі словамі малявалі нашу Беларусь, па слоўным апісанні і партрэтах пазнавалі асветнікаў зямлі беларускай: Ф.Скарыну, М. Гусоўскага, К. Тураўскага, С. Полацкага, Е.Полацкую, адгадвалі загадкі, успаміналі прыказкі пра Радзіму, па паэтычных радках пазнавалі іх аўтара. Гімназісты яшчэ раз упэўніліся, што беларуская пісьменнасць, захоўваючы багатыя традыцыі на працягу многіх стагоддзяў, развіваецца і сёння.
Аксана Іосіфаўна ВАНЧУК,
настаўнік беларускай мовы,
г. Дзятлава, гімназія № 1.