
У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта «Фарміраванне талерантнай дзіцячай супольнасці праз арганізацыю мастацка-творчай дзейнасці, заснаванай на традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа» у Новаяльнянскім дзіцячым садзе адбылася чароўная музычная забава «Мы вясну гукаем!».
Мерапрыемства прайшло ў групе інтэграванага навучання і выхавання, дзе кожны знайшоў сабе справу па сілах і настрою. Дзеці спявалі традыцыйныя веснавыя заклічкі, гулялі ў народныя гульні, слухалі «галасы» прачынаючайся прыроды ў музычных творах. Атмасфера была поўная радасці, сяброўства і чакання цёплага сонейка.
Асаблівай часткай мерапрыемства стала майстэрня па стварэнні птушак вясны. Хлопчыкі і дзяўчынкі з дапамогай выхавальніка з вялікай цярплівасцю і натхненнем рабілі птушак з яркай паперы. Кожная птушка атрымалася ўнікальнай – як і кожны маленькі аўтар!
Фінальным, самым урачыстым момантам стала вывешванне гэтых птушак на спецыяльна прыгатаванае «Дрэва Вясны» на тэрыторыі дзіцячага сада, што стала сімвалічным заклікам вясны, нашым агульным жаданнем хутчэйшага цяпла і прылёту сапраўдных птушак.
Гэта забава яшчэ раз нагадала ўсім аб каштоўнасці традыцый, аб радасці сумеснай творчасці і аб тым, як важна вучыць дзяцей бачыць і любіць прыгажосць роднай прыроды і культуры.
Вольга Георгіеўна РУДОЛЬ,
музычны кіраўнік,
Дзятлаўскі район, Новаяльнянскі дзіцячы сад.
