
Экскурсія ў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы – гэта цікавы варыянт правядзення часу з сям’ёй. Я, Вікторыя Валкавец, наведала яго і хачу падзяліцца сваім меркаваннем.
У музеі можна пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхамі Янкі Купалы, які, дарэчы, з’яўляецца класікам беларускай літаратуры. Тут функцыянуе 8 экспазіцыйных зал. У іх захоўваецца больш за 3 тысячы экспанатаў.
Наведвальнікам музея прапаноўваеца пабачыць прыжыццёвыя выданні твограў Янкі Купалы, яго рукапісы, фотаздымкі, уласныя рэчы і аўтографы. Таксама там ёсць і інсталяцыі хат, дзе жыў Іван Луцэвіч, рабочых кабінетаў народнага паэта Беларусі. У музеі можна пабачыць макеты эпізодаў са спектакляў «Паўлінка», «Тутэйшыя», «Раскіданае гняздо» на творы пісьменніка. Асабліва цікава тое, што самыя цярплівыя, дачакаўшыся да канца экскурсіі, змогуць пачуць сапраўдны голас Янкі Купалы. У музеі таксама ёсць экспазіцыя, прысвечаная творам пісьменніка для дзяцей, і адпаведная фотазона.
Раю ўзяць аўдыёгід, каб не толькі пабачыць усё на свае вочы, але і пачуць на ўласныя вушы.
Абавязкова наведайце Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў вольны час. Лепш убачыць усё самому, чым паслухаць чыёсьці меркаванне. Памятайце: Янка Купала – чалавек, які пакінуў нам багатую спадчыну. Мы павінны быць удзячны за гэта. Як сказаў Якуб Колас, «Купала – гэта сэрца Беларусі, яе душа, яе голас».
Вікторыя ВАЛКАВЕЦ,
вучаніца 9-га класа
г. Барысаў, гімназія № 3.
